Год бязвізавага рэжыму. Якія вынікі?


Год бязвізаваму рэжыму на Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне. Замежныя турысты вязуць да нас грошы, а што атрымліваюць? Як змянілася сітуацыя ў гэтых гарадах за год, і што яшчэ трэба зрабіць? Ірына Дарафейчук.

Берасце – горад, які адзначае тысячагоддзе і які паводле амерыканскага часопісу «PureWow» уваходзіць у лік малазведаных мясцінаў, куды варта з‘ездзіць сёлета. Жыхары ж васьмі дзясяткаў краінаў свету могуць прыехаць сюды без візы.

«Я часцей праводзіла экскурсіі на англійскай мове, чым па-расейску ці па-беларуску ў гэтым сезоне, я думаю, гэта паказнік, што замежных турыстаў стала болей у Берасці», – кажа экскурсавод Вольга Малафеечава, Берасце.

У Горадні бязвізавы рэжым для грамадзянаў 77-мі краінаў свету ў якасці эксперыменту ўвялі напрыканцы 2016-га. А год таму бязвіз пашырылі на Берасце і раёны вакол двух абласных цэнтраў ды павялічылі час перабывання з 5 да 10 дзён. Паводле папярэдніх звестак, летась больш за сто тысяч замежнікаў прыехалі сюды, скарыстаўшыся з бязвізу. Экскурсаводы адзначаюць, што замежныя турысты мала ведаюць пра Беларусь. Вольга Малафеечава:

«Ім цікава даведацца пра гісторыю гораду, пра Берасцейскую крэпасць, бо гэта найбольш распіяранае месца нават у інтэрнэце, і ў Белавежскую пушчу – паглядзець на прыроду».

«Прыязджаючы, многія кажуць, што было зусім іншае ўражанне пра краіну, калі бачылі ў СМІ, галоўнае, што іх уражвае, – гэта чысціня, гэта нейкая еўрапейскасць, добрыя адносіны людзей да турыстаў», – распавядае Святлана Якімовіч, турфірма «Дон Кіхот», Горадня.

Гарадзенцы маюць большы досвед працы з бязвізавымі турыстамі. Мясцовыя эксперты мяркуюць, што горад за некалькі гадоў шмат зрабіў для паляпшэння інфраструктуры: павялічылася колькасць кавярняў і рэстаранаў, крамаў, з’явіліся гостэлы, паўсюль можна разлічыцца карткаю. Да мінусаў у імідж краіны залічваюць платную прыбіральню на мяжы ды чэргі на ўезд.

«Ёсць музеі, у якія складана трапіць, ці гемаройна, і не хочацца займацца. Гэта Музей пажарнай службы. Музей турмы ўвогуле праз дэпартамент выканання пакаранняў – праз Менск, не заўсёды хочацца час прысвячаць, каб дагрукацца, а яны ўнікальныя», – кажа Аляксей Шота, экскурсавод, краязнаўца, Горадня.

«У горадзе пакуль з мовамі цяжкавата. Замежніку цяжка зразумець назвы вуліцаў ці назвы кавярняў або прачытаць меню, гэтага нам не хапае», – дадае Вольга Малафеечава.

Слаба прыстасаваныя гарады для людзей з інваліднасцю. Патрэбныя ўкладанні ў Аўгустаўскі канал, з якога і пачынаўся бязвіз. Святлана Якімовіч тлумачыць:

«Аўгустаўскі канал, пра які столькі гавораць, а фактычна, калі паглядзець праўдзе ў вочы, там нічога не змянілася за 15 гадоў, Дамброўка як была адная, так і засталася, як быў адзін параход… З’явіўся яшчэ прыватны, але ён не развязвае праблемаў той плыні турыстаў, якія едуць туды ўлетку».

Жыхары Горадні таксама маюць што прапанаваць для развіцця бязвізавай прасторы:

«Трэба спрасціць структуру акрэдытацыі гідаў, трэба інфраструктуру турыстычную развіваць».

«Рэстаўраваць больш культурніцкіх каштоўнасцяў, якія патрабуюць рэстаўрацыі».

«Хацелася б, каб Берасцейская і Гарадзенская вобласці былі абʼяднаныя, каб можна было па адных турыстычных маршрутах вандраваць».

Толькі на Берасцейшчыне цягам года бязвізавыя турысты пакінулі каля мільёна долараў. Наколькі павялічыцца гэтая лічба налета, залежыць не толькі ад рэкамендацыі амерыканскага часопісу ці ўдалага святкавання тысячагоддзя гораду.

Ігар Лапеха, краязнаўца, экскурсавод:

«Год шалёнага поспеху – такая мая ацэнка. Не чакалі, што так выбухне развіццё інфраструктуры, выбухне шматлікімі групамі, якія пакідаюць немалыя сродкі на развіццё турызму ў нашым краі. Грошы – асноўны чыннік. І думаю, не толькі ў Беларусі і Горадні, але і ў іншых еўрапейскіх краінах. Турызм развіваецца з-за камерцыйнага чынніку, і гэта абсалютная норма…»

belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM