Гісторык, які абгрунтаваў права беларусаў на сваю дзяржаву

Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867–1934) – адзіны беларускі гісторык, якому паставілі помнік у Беларусі. Гэты таленавіты навуковец і фінансіст да Парыжскай мірнай канферэнцыі напісаў брашуру, якая абгрунтавала права беларусаў на ўласную дзяржаву, а таксама арганізаваў Гандлёвую палату, што забяспечыла грашыма дыпламатыю беларускай дзяржавы. Глядзіце ў гэтым выданні «Загадак беларускай гісторыі» пра ягоную кар’еру ў царскай Расеі, дзейнасць на карысць БНР і жыццё ў Савецкім Саюзе.

Мітрафан Доўнар-Запольскі нарадзіўся ў Рэчыцы, але сваю бліскучую навуковую кар’еру зрабіў у Кіеве. Ягоны лёс і быў шчыльна звязаны з Украінаю – тут яго выключалі з гімназіі за перахоўванне твораў Тараса Шаўчэнкі, тут ён атрымаў адукацыю і зрабіў кар’еру, тут ён будзе прадстаўляць інтарэсы БНР, у прыватнасці – адстаіць Беларускае Палессе. За сваё жыццё ён паспеў зрабіцца прафесарам Маскоўскага, Кіеўскага, Харкаўскага і Бакінскага ўніверсітэтаў.

Найбольш яго цікавіла гісторыя Беларусі, а асабліва яе эканамічны складнік, пра што можа сведчыць назва адной з ягоных шматлікіх працаў: «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага Княства Літоўскага пры Ягелонах».

Хоць Мітрафан Доўнар-Запольскі і не ўзяў актыўнага публічнага ўдзелу ў адраджэнскім руху пачатку ХХ ст., у 1918 г. ён рашуча падтрымаў БНР – як словам, гэтак і справай. Ягоная брашура «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», перакладзеная на шэсць моваў, служыла аргументам у дыпламатычных перамовах, мэтаю якіх было прызнанне БНР з боку еўрапейскіх дзяржаваў. Ён таксама стварыў Беларускую гандлёвую палату, даходы якой дазволілі фінансаваць дыпламатычныя місіі БНР.

Пасля грамадзянскай вайны ў Расеі ён апынуўся ў СССР, трапіў у апалу, але памёр сваёю смерцю ў Маскве. Працы ягоныя ў савецкі час не выдаваліся, бо былі асуджаныя як нацдэмаўскія.

Прызнанне і ўшанаванне прыйшло ў 90-я гады ХХ ст. ужо ў незалежнай Беларусі, сведчаннем чаго было ўсталяванне помніка ў Рэчыцы.

З біяграфіяй гэтага выдатнага гісторыка і эканаміста, які спрычыніўся да стварэння БНР, пазнаёмяць доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч і кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Хто скасаваў ордэн імя Каліноўскага?

Аўтар эталону гербу Пагоня спачывае тут

Навошта і як збудавалі Аўгустоўскі канал

Вусная гісторыя супраць савецкай прапаганды. Праўда простых людзей

Ідэальнае месца для фестываляў сярэднявечнае культуры

Мультыкультурны Менск пачатку ХХ стагоддзя – калыска геніяў

Лёс Анатоля Сыса як адлюстраванне лёсу краіны

Яны спрабавалі стварыць новае ВКЛ на пачатку ХХ ст.