Гісторык: Рост сімпатыі да Сталіна адбываецца праз патрэбу ў «цвёрдай руцэ»


Ёсіп Джугашвілі памёр, аднак Сталін працягвае жыць. Роўна 65 гадоў мінула ад дня смерці, без перабольшання, аднаго з найбольш крывавых тыранаў у гісторыі чалавецтва, аднак яго культ аніяк не спарахнее разам з целам нябожчыка. Гэтак, у суседняй Расеі сацыёлагі фіксуюць павальнае адраджэнне масавай любові да Сталіна і захаплення ягонаю асобай.

Ці адрыкашэціць нью-сталінізм і па Беларусі, гэтак зацята рэпрэсаванай сталіністамі і гэтак моцна залежнай ад Расеі сёння?

На думку гісторыка Ігара Кузнецова, тыя людзі, якія сімпатызуюць Сталіну і лічаць яго вялікім, забылі пра тое, колькі мільёнаў чалавечых жыццяў было скалечана.

«Сталін гэта не толькі рэпрэсіі. Гэта вялікія страты падчас Другой сусветнай вайны. Таму сёння адраджэнне культу асобы Сталіна ў Расеі – нонсэнс. У Беларусі іншая сітуацыя. Сёння ў нас няма сацыялагічных апытанняў, колькі насельніцтва Беларусі падтрымлівае Сталіна. Але магу сказаць, што адсотка ў Беларусі можа апынуцца ніжэйшы, чым у Расеі».

Гэта звязана з менталітэтам, упэўнены гісторык.

«У душы шмат хто разумее злачыннасць Сталіна, але публічна ніхто ў нас практычна не выказваецца. Чаму сёння адбываецца рост? Бо пачалі забываць гэтыя злачынствы, з’явілася шмат матэрыялаў, якія абяляюць і Сталіна і Бэрыю. А таксама сёння зноў зʼявілася патрэба ў «цвёрдай руцэ». Пуцін – у Расеі. Лукашэнка – у Беларусі».

Гісторык кажа, што ў бліжэйшай перспектыве вобраз Сталіна не памрэ.

Апытаныя менчукі на вуліцах сталіцы называюць Сталіна «цікавай асобай» і чалавекам, пры якім «было шмат рэпрэсіяў, але і парадак».

Больш глядзіце ў відэа.