Гісторык: Лукашэнка не разумее грамадства, у якім жыве


Чаму Беларусь засталася адзінай краінай, дзе на афіцыйным узроўні святкуюцца ўгодкі камуністычнай рэвалюцыі, і які кошт заплаціла беларускае грамадства за вернасць савецкім ідэям? Пра гэта разважае гісторык Анатоль Сідарэвіч:

«Камуністы вельмі намагаліся, каб былі скасаваныя Дзяды і каб назад вярнулі Сёмага лістапада. І Лукашэнка за іх падтрыманне адпаведна заплаціў. Апроч таго, не забывайцеся, што Лукашэнка сам (у чым ён прызнаўся рэдактару польскай «Газэты выборчай» Адаму Міхніку) – савецкі беларус. А што такое савецкі беларус? Гісторыя савецкай Беларусі пачынаецца з Кастрычніка! Але ён проста не разумее грамадства, у якім жыве. Запытайцеся ў гэтых людзей, якія ходзяць па вуліцах: «Што сёння: свята ці проста выходны?» […]

Беларусь за 24 гады ягонага прэзідэнцтва стала адною з самых бедных краінаў Еўропы. У 90-ыя гады ў нас былі роўныя стартавыя магчымасці з Польшчаю, нават лепшыя, чым у Польшчы. Былі роўныя магчымасці з Літвою, Латвіяй і Эстоніяй. А цяпер мы адстаём і ад Літвы, і ад Латвіі, і ад Эстоніі ды ўваходзім калі не ў шасцёрку, то ў дзявятку самых адсталых краінаў Еўропы па валавым унутраным прадукце. Але ўлічыце, што ў іншых адсталых краінах – Косаве, Босніі – ішлі, як ва Украіне, войны. У Беларусі ніякай вайны не было, але яна – адная з самых бедных краінаў Еўропы».

У Студыі «Белсату» Павел Усаў, доктар палітычных навук. І галоўнае пытанне: ці для беларусаў свята 7 лістапада ўсцяж актуальнае, ці ўлады проста навязваюць забыты кастрычнік нашаму грамадству?

«Для грамадства гэта свята, якое нічога не азначае. Напэўна, большасць грамадзянаў і не скажа, што адбылося 7 лістапада, і чаму дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі святкуецца 7 лістапада. Узровень гістарычных ведаў нават на тэму Савецкага Саюзу, рэвалюцыі, якая была важнай падзеяй у нашай гісторыі – напэўна не скажуць. Усё гэта звязана з самымі адносінамі Лукашэнкі да мінулага, да Савецкага Саюзу, ён назваў сябе савецкім чалавекам і праваслаўным атэістам, то бок такі мікс уяўленняў пра палітычнае жыццё СССР. Уся гэтая сімволіка добра ўкладаецца ў дзяржаўную ідэалогію…»

Працяг – у сюжэце.