Гісторык Алег Трусаў: Пасля вайны на Данбасе ўся савецкая гістарычная спадчына накрылася медным тазікам


Міністэрства культуры Расеі выдаткуе $ 65 тысяч на круглы стол і выставы на вайскова-патрыятычную тэматыку пад назвай «Роля расейскай і беларускай культуры ў захаванні гістарычнай памяці і супрацьдзеянні фальсіфікацыі гісторыі».

Удзел у імпрэзе, якая мае адбыцца да 20 красавіка, прымуць каля 100 асобаў, палова прыедзе з Расеі. Прысутнічаць будуць і беларускія афіцыйныя асобы. Усё выглядае як стандартная канферэнцыя, калі б не адное «але». Тэма – супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі.

Размаўляем з доктарам гістарычных навук Аляксандрам Краўцэвічам.

«Скіраваная гэтая акцыя супраць рэзалюцыі Еўрапарламенту пра роўную аднолькавую адказнасць за развязанне Другой сусветнай вайны нацызму і сталінізму».

Паводле Аляксандра Краўцэвіча, і нацызм, і камунізм – злачынныя рэжымы, якія развязалі Другую сусветную вайну. Гісторык дадаў, што яго здзіўляе спалучэнне ў сучаснай расейскай ідэалогіі з аднаго боку спадчыны царскай Расеі, а з іншага – спадчыны сталінізму. Паводле яго, гэта можна вытлумачыць толькі адной ідэяй – ідэяй імперскасці.

«Тое, што праводзяць канферэнцыю ў Беларусі, – гэта праява імперскасці. Яны паказваюць, што Расея яшчэ мае сатэлітаў, што Расея мае ўплывы. А як вядома, адзіны сатэліт Расеі, які застаўся ў Еўропе, гэта Рэспубліка Беларусь», – кажа Аляксандр Краўцэвіч.

Тымчасам гісторык Алег Трусаў лічыць, што гэты «гістарычны дэсант» нават карысны для беларускіх гісторыкаў, якія могуць пазнаёміцца з гістарычнымі школамі суседняй краіны, але небяспекі для самой Беларусі няма, бо з такой акцыяй Расея моцна спазнілася.

«Кардынальныя змены ў адносінах да агульнай гісторыі пачаліся пасля акупацыі Крыму і вайны на Данбасе. Уся савецкая гістарычная спадчына накрылася медным тазікам. […] Ну і нарэшце прачнуліся беларусы. Нядаўна яны выдалі на расейскай мове шматтомную «Гісторыю беларускай дзяржаўнасці», што таксама, я лічу, паказвае, асцярожна, але свой погляд на агульную гісторыю. Відаць гэтая «Дзяржаўнасць» дайшла нарэшце да Масквы, Масква спалохалася і прыслала дэсант у Беларусь…»

Алег Трусаў мяркуе, што за такой увагай да тэмы стаіць распараджэнне Уладзіміра Пуціна, які нядаўна казаў, што будзе змагацца з фальсіфікацыяй гісторыі. Гісторык лічыць, што гэта адбываецца непасрэдна па загадзе кіраўніка Расеі.

Уся размова – у сюжэце.

Ігар Кулей belsat.eu