Чакалі, што 2020-ы станецца самым спакойным выбарным годам у гісторыі. Гэтаму спрыяла пандэмія каронавіруса, што мусіла паралізаваць палітычную актыўнасць у краіне.
Пад акампанемент каронавіруснага бязладдзя народны блогер Сяргей Ціханоўскі адабраў у Лукашэнкі значную частку ягонага электарату. А вылучэнне Валера Цапкалы і асабліва Віктара Бабарыкі зрабіліся чарговаю мінаю запаволенага дзеяння.
«Мне хацелася ісці за гэтым чалавекам. Таму што я разумела, што ён вельмі шчыра і добра ставіцца да людзей, да простага чалавека. Што ён верыць у людзей. Верыць, што можна ўсё памяняць – як не ў жніўні, дык потым», – прыгадвае эмоцыі траўня Наталля Фурсава, якая збірала подпісы за Віктара Бабарыку.
Іван Краўцоў, каардынатар штабу Бабарыкі, даходліва тлумачыць, чаму банкір і мільянер пайшоў на такія значныя рызыкі і тым самым вывеў на авансцэну новых беларусаў, якім не дастаткова толькі чаркі і скваркі.
Калі рэжым выціснуў з краіны нязгодных і перасаджаў самых небяспечных, на палітычнае поле як Піліп з канапель выйшла Святлана Ціханоўская. Палітстратэгі рэжыму недаацанілі яе праз сексізм і стэрэатыпнасць. Са звычайнай беларускай жанчыны – у літаральным сэнсе хатняе гаспадыні – Святлана Ціханоўская пераўтварылася ў нацыянальную лідарку.
«Адна з ейных галоўных палітычных рысаў – што амаль не рабіла памылак. Яна прайшла вельмі годна ўвесь гэты шлях і вельмі годна працуе цяпер. Беларусам проста пашанцавала, што вось такая прэзідэнтка трапілася», – аналізуе ў студыі палітолаг Вадзім Мажэйка з Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS).
Выніковую праграму нельга назваць святочнаю. 2020-ы прынёс шмат болю і пакутаў шмат каму з беларусаў. У той жа час – гэты год стаў гістарычным, былі запушчаныя незваротныя працэсы, якія несумненна прывядуць да новае Беларусі.
Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную сераду а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.