Гэты год будзе цяжкі для беларусаў


Анамальна цёплая зіма прымусіла беларускіх аграрыяў хвалявацца. Як змены клімату адаб’юцца на ўраджаі? На якія харчы кошты хутка вырастуць? І ці не застануцца беларусы ў гэтым годзе без хлеба і бульбы?

«Усё, што расце ў Беларусі, дыні нават, і тое, што не расце ў Беларусі, мы вырошчваем. Усё спрабуем, выпрабоўваем», – апавядае кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі «Дружба і К» Уладзімір Крапіўка.

У гэтым годзе ўпершыню ў гісторыі метэаназіранняў у Беларусь не прыйшла сапраўдная зіма. Уладзімір Крапіўка кліматычныя анамаліі лічыць сур’ёзнай пагрозай ураджаю.

«Для добрага ўраджаю зіма павінна быць марознай. Мароз павінен скаваць зямлю, знішчыць усе мікраарганізмы, шкоднікаў. Потым павінен быць салідны снег. Вось гэта ідэальная зямля», – адзначае Уладзімір.

У мінулым годзе працяглая спёка і праліўныя дажджы пасля яе знішчылі на корані 70 000 га пасеваў. Пацярпела і гародніна, што адбілася на коштах – даражэлі свежыя агуркі і памідоры. У верасні 2019-га прырост коштаў на прадукцыю раслінаводства склаў 21,5 %.

«Цыбуля. Была засуха, пайшлі дажджы, ён хутка пачаў набіраць вагу. І таму, калі адбыўся маленькі марозік, то кожная пятая цыбуліна прамерзла. Таму прыбіраць яе было ўжо нявыгадна», – згадвае мінулы год кіраўнік гаспадаркі «Дружба і К».

Асабісты капітал
Заробкі і дабрабыт. Што нам наабяцалі ўлады на 2020 год?
2019.12.16 19:05

У 2019 годзе аграрыі сабралі 855 000 т бульбы замест запланаванага мільёна. І сутыкнуліся з цяжкасцямі ў захаванні культуры.

«Калі спякота, ён набірае суму эфектыўных тэмператур, ён ужо старэе. Дрэнна захоўваецца, нават у добрым сховішчы», – тлумачыць фермер.

Шкоднікі, якія не вымерзлі ўзімку, адчуваюць сябе выдатна. І аграномы ўжо запасліся хімікатамі, каб часцей апрацоўваць культуры. Што, вядома, адаб’ецца на якасці гародніны, па якую беларусы наведаюцца ў крамы восенню. А Беларусь тым часам штогод нясе велізарныя страты.

«Сусветны банк праводзіў ацэнку, і было разлічана, што каля $ 90 млн Рэспубліка Беларусь штогод губляе з-за наступстваў змяненняў клімату. 42 % ад сумы – менавіта ў сельскай гаспадарцы, больш за ўсё», – акрэслівае памеры праблемы спецыялістка ў пытаннях энергіі і клімату Наталля Андрыенка.

Аб’ектыў
Сусветны банк вылучыць $ 200 мільярдаў, каб спыніць глабальнае пацяпленне
2018.12.03 22:42

Год 2017: рэзкія перапады тэмператураў пашкодзілі вялікі адсотак пладовых дрэваў у краіне. Год 2018: засушлівая вясна стала каталізатарам таго, што ў Беларусі атрымалі самы дрэнны ўраджай за 15 гадоў. Год 2019: ад рэкорднай спёкі пацярпела большасць сельскагаспадарчых культураў. Сёння адмыслоўцы заяўляюць пра неабходнасць кардынальных зменаў сістэмы сельскай гаспадаркі.

«Калі казаць пра такія традыцыйныя для Беларусі культуры, як лён, бульба, пшаніца, то ўмовы іх росту істотна зменяцца. Будуць паляпшацца ўмовы для іх у паўночных раёнах, а ў паўднёвых трэба будзе пераходзіць на новыя віды культураў», – кажа Наталля.

Спецыялісты прагназуюць, што збожжа і гародніны сёлета збяруць мала, а значыць, хлеб і іншыя харчы падаражэюць на 15–20 адсоткаў. Адзінае выйсце – цалкам змяняць падыход да сельскай гаспадаркі.

«Калі тэмпература працягне павышацца тымі тэмпамі, як гэта адбывалася раней, нам трэба будзе арганізоўваць, як гэта зроблена ў Нямеччыне, паліў беларускіх палёў, каб выходзіць на еўрапейскую ўраджайнасць», – акцэнтуе ўвагу на неабходных зменах аналітык і эканаміст Міхаіл Кавалёў.

Hавiны
Зіма ў бягучым годзе не прыйшла, бо холад так і не выйшаў з Паўночнага полюсу
2020.02.24 07:35

Тым часам айчынная сельская прадукцыя ўжо падаражэла. Са студзеня да сакавіка свежыя агуркі падаражэлі на 46,43 %, сёння іх можна набыць за 6 руб. 77 кап., свежыя памідоры – на 16,04 % і каштуюць у сярэднім 5 руб. Таксама ў кошце выраслі яблыкі (на 13,59 %), у крамах яны па 2 руб. 30 кап. Кошты на цыбулю выраслі на 5,15 % і складаюць 96 кап. Летась са студзеня да траўня кошты на гародніну і садавіну падняліся ўдвая. Сёлета гэта таксама магчыма. У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання кажуць: усе з-за выдаткаў на захаванне.

«Для нас будзе істотна, наколькі сухой будзе вясна, наколькі сухім будзе лета. Ад гэтага залежыць сярэдняя па краіне ўраджайнасць», – адзначае аналітык.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Што думаюць чыноўнікі пра магчымы недахоп харчоў?
  • Як абараніць свае права на якасную мэблю?
  • Хто паедзе сёлета ў беларускія санаторыі?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».