Лукашэнка заявіў, што чыноўнікі або не валодаюць інфармацыяй, або «фальсіфікуюць хаду і вынікі ўборачнай кампаніі». Са словаў Лукашэнкі, яго цікавіць перадусім фінансавы стан сельскае гаспадаркі. Галоўнае – прыбытак і рэнтабельнасць. А з імі ёсць праблемы. Шэф-рэдактарка парталу agrolive.by Іна Гармель разважае ў эфіры «Белсату» пра прыхарошаныя справаздачы, кадравы голад вёскі і PR кіраўніка Беларусі.
У сельскай гаспадарцы ідуць кадравыя скарачэнні, але кваліфікаванай і якаснай працоўнай сілы на сяле па-ранейшаму не хапае. Тэхніка ёсць, але часта за яе няма каго пасадзіць. Таму разнос з боку прэзідэнта лагічны, але для працаўнікоў не надта справядлівы, на мой погляд.
Праблема існуе, яна вельмі даўняя і пры сучаснай сістэме кіравання і, наагул, гаспадаркай, а таксама пры актуальнай палітычнай сітуацыі яе нельга пазбегнуць. Тыя поспехі, пра якія рапартуюць чыноўнікі, у гаспадарцы няма. Але кіраўнік дзяржавы пастаянна росту, паляпшэння эканомікі – таму, каб утрымацца ў сваіх крэслах, яны прыпісваюць. Пры чым, прыпісваюць па ланцужку – пачынаючы з узроўню асобнае гаспадаркі праз узровень вобласці і далей, у Мінсельгасхарч, а потым звесткі паступаюць на больш высокі ўзровень улады.
Тое, што Лукашэнка выязджае на палі сведчыць, што ён не зусім давярае чыноўнікам. Я б сказала нават, што зусім не давярае. Ён разумее, што яны вымушаныя рабіць прыхарошаныя справаздачы. Кіраўнік Беларусі чытае альтэрнатыўная пункты меркавання, праглядае свабодныя медыі і разумее, што сітуацыя адрозніваецца ад той, якую яму малююць. Гэта заганная практыка, але пры цяперашняй сістэме яе змяніць вельмі складана. Але як «бацька нацыі» ён вымушаны слухаць усе бакі.
Кіраўнік Беларусі практыкуе выезды на палі як частку стылю свайго PR-вобразу ад самага пачатку – ён усе кантралюе. Ніжэйшыя чыноўнікі капіююць гэты стыль: стараюцца выязджаць, праводзяць справаздачы ў палявых умовах.
Гэты працэс нагадвае PR-кампанію, а не дапамогу сельскай гаспадарцы. Ён не дапамагае, а замінае аграрыям працаваць: усё ставіцца на вушы, аўрал – гэта не сучасныя метады кіраўніцтва.
Поўную размову з Інай Гармель глядзіце ў «Гарачым каментары»