Гэта пекла: пакой у вашай кватэры могуць прадаць чужым людзям


Пакой у кватэры жанчыны прадалі алкаголіку. Каб схадзіць у прыбіральню, яна едзе ў паліклініку.

Здараецца, што сваякі прадаюць сваю долю ў кватэры, і ў суседні пакой засяляецца невядомы чалавек – такая кватэра фактычна стае камунальнай. Такая сітуацыя можа пераўтварыць жыццё на шматгадовы жах. І гэта пацвярджаюць сітуацыі, з якімі нам давялося пазнаёміцца.

Праграма «Людскія справы» цалкам

Камелiя Чарняўская паказвае дзве вялікія скрыні папераў: гэта ўсё перапіска з чыноўнікамі ды судовыя дакументы, якія накапілася за 14 год. Апошняя адпіска – з адміністрацыі прэзідэнта. Нявестка Камелii Дзмітрыеўны некалі спачатку адсудзіла ў жанчыны пакой, а потым прадала яго.

Камелія Чарняўская, каб схадзіць у прыбіральню, ездзіць у паліклініку. Фота belsat.eu

«Яна ніколі не жыла ў гэтай кватэры, але калі мой сын трапіў у турму, вырашыла адсудзіць долю і прывяла сведкаў, якія далі ілжывыя паказанні, – кажа Камелiя Чарняўская. – Пасля таго, як паводле рашэння суда ёй адышоў пакой, засяляцца яна туды яна таксама не стала, а папросту прадала яго. I вось аднойчы я вяртаюся з працы, а ў калідоры стаіць мужчына ростам пад два метры».

Добрасуседскiх стасункаў не атрымалася: у кватэры ўжо некалькі год адключаны газ праз уцечкi, якія дапускаў сусед, не аднойчы ў яго пакоi былi пажары, спадарыня Камелiя кажа i пра п’яныя кампаніi, якiя часцяком прыходзяць у некалi яе кватэру. Праз антысанiтарыю жанчына нават у прыбіральню ездзіць у паліклініку, харчуецца ж у сталовай, дзе працуе, нягледзячы на свае 79 год.

Так выглядае пакой суседа, з якім вымушана дзяліць кватэру спадарыня Камелія. Фота belsat.eu

У iншай нашай гераінi прыватны дом, якi яна будавала сваймі рукамі, пераўтварыўся ў шматкватэрны: долю ў будынку спадарынi Вольгi Юнкевіч адсудзiла старэйшая дачка. Частка дома, якая засталася былой гаспадынi, не мела нават душа ды прыбiральнi: сталай жанчыне давялося будаваць усё наноў на сваю невялiчкую пенсію. Калi ж iшла перабудова дома ў шматкватэрны, Вольга Аляксееўна наагул была вымушаная туляцца па сацыяльных прытулках.

Доўгі час у суседнім памяшканні жылi арандатары.

«Дачка засяляла туды людзей з алкагольнай залежнасцю, i фактычна там быў прытон, – кажа спадарыня Вольга. – Яны залазiлi ў маю частку дома праз гарышча, залiвалi вадой маю кухню».

Цяпер суседзяў у спадарынi Вольгi няма, а частку дома, якая ўжо не належыць жанчыне, рыхтуюць да продажу.

Дом Вольгі Юнкевіч стаў шматкватэрным. Фота belsat.eu

Што рабіць людзям, якія патрапілі ў падобныя сітуацыі? Адказы на гэтае і іншыя пытанні шукаем у праграме разам з вядоўцам Алесем Залеўскім і гасцямі студыі юрыстам Аляксандрам Жуком і Людзмілай Макарэвіч, якая восем год «ваюе» са сваім суседам па камунальнай кватэры.

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A», а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам ў Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram ды Telegram.