«Гэта біялагічная бомба». Дактары ды сваякі загінулых – пра каронавірус

Беларусь уваходзіць у самую небяспечную фазу эпідэміі каронавіруса. Ці захварэюць сотні тысяч і ці памруць дзясяткі тысячаў? Ці дойдзе да гэтага самага горшага выпадку, залежыць зараз ад кожнага з нас.

«Мяркуючы з таго, які вірус кантагіёзны, большасць з нас можа захварэць на каронавірусную інфекцыю, але…»

Загадчыца аддзялення апартуністычных інфекцыяў Менскай гарадской інфекцыйнай лякарні Людміла Дымель акцэнтуе ўвагу гледачоў на разумных паводзінах звычайнага чалавека, бо гэта можа паўплываць на тое, што нас чакае ў будучыні.

«Вядома, можа быць сітуацыя, калі смяротнасць будзе высокая. Мяркуючы з таго, які вірус кантагіёзны, можна казаць, што большасць з нас можа захварэць на каронавірусную інфекцыю. Але, нават калі мы перахварэем, цячэнне захворвання залежыць ад таго, якая доза віруса паступіла, цягам якога часу і якім чынам адбываецца фармаванне імунітэту», – тлумачыць Людміла Дымель.

Праўда і фэйкі пра каронавірус у Беларусі

Калі гаворка заходзіць пра смерці ад пнеўманіі, доктарка тлумачыць, што далёка не кожны такі выпадак варта звязваць з каронавірусам. Што да невысокіх лічбаў смяротнасці (у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі) спецыялістка кажа, што вірус новы, і статыстыка яшчэ будзе пераглядацца. Спадарыня Людміла адзначае, што выявіць канкрэтную прычыну смерці ў шэрагу момантаў складана, але калі чалавек памёр ад пнеўманіі і ў яго быў пацверджаны каронавірус, то можна казаць, што ён памёр ад COVID-19.

«Якім чынам рэспубліканскі суботнік спрыяе зніжэнню маштабаў эпідэміі?»

У праграме ўзялі ўдзел каардынатары ініцыятывы #BYCOVID19, якія набываюць сродкі абароны і нават медтэхніку для соцень беларускіх шпіталяў.

Андрэй Ткачоў (у звычайным жыцці вядомы фітнэс-трэнер) распавядае, як ініцыятыва #BYCOVID19 узнікла і за лічаныя тыдні набрала абароты. Каардынатар паказвае дзясяткі скрыншотаў з просьбамі прывезці сродкі абароны. У ініцыятыву паступаюць сігналы і аб смерці медыкаў у бальніцах.

Як працуе ініцыятыва ByCovid19? Вялікі фотарэпартаж

Калі гаворка заходзіць пра супрацьэпідэміялагічныя захады, яшчэ адзін каардынатар #BYCOVID19 Зміцер Каспяровіч (у звычайным жыцці прадпрымальнік) кажа:

«Дзяржава абвяшчае 25 красавіка рэспубліканскі суботнік. 9 траўня збіраюцца ладзіць парад, ідуць рэпетыцыі, хоць ёсць хворыя сярод вайскоўцаў. Я не разумею, якім чынам гэтыя мерапрыемствы спрыяюць зніжэнню маштабаў эпідэміі»

«Ні дзяржава, ні прэзідэнт, ні Мінздароўя – ніхто не вырашыць за вас, што рабіць»

Ужо вядома пра сотні заражэнняў COVID-19 сярод медработнікаў. На жаль, ёсць выпадкі смерцяў.

Фельчарка з хуткай Настасся Калашнікава кожнае дзяжурства сутыкаецца з каронавірусам. Яна папярэджвае, што не варта без дай прычыны выклікаць медыкаў дадому:

«Гэта дастаткова вялікая рызыка. На гэты момант выклік хуткай – гэта тое самае, што ў вас не было каронавіруса, але вам яго прывязуць. Не зразумела, ці хворая брыгада, адкуль яны прыехалі. З улікам таго, што нас рэдка тэстуюць».

«Азартная гульня з лёсам». Беларускія дактары – пра сітуацыю ў краіне

Пры гэтым Настасся Калашнікава падкрэслівае, што прыспеў час самім пра сябе клапаціцца і максімальна сур’ёзна паставіцца да сітуацыі.

«Час забыцца, што хтосьці за нас нешта вырашыць і будзе нас ратаваць. Гэтая інфантыльнасць людзей, і не толькі беларусаў, моцна раздражняе. Ні дзяржава, ні прэзідэнт, ні Мінздароўя – ніхто не вырашыць за вас, што рабіць. Можна ўвесці татальны каранцін, і будуць людзі, якія будуць яго парушаць і разносіць заразу, – кажа Настасся. – А можна без загаду вырашыць для сябе, што па кропельцы мы можам нешта зрабіць: сесці дома, сысці на дыстанцыйку, калі ёсць магчымасць. Не пускаць падлетка піць піва пад пад’ездам. Гэта рашэнне кожнага з нас: хочам мы, каб гэта хутчэй скончылася, ці мы хочам яшчэ год разграбаць тое, што нарабілі».

У праграме бяруць удзел сваякі памерлых беларусаў, сваякі захварэлых, што змагаюцца за жыццё ў атмасферы паслабленага кантролю сістэмы Міністэрства аховы здароўя.

Публічныя людзі папярэджваюць пра найгоршыя сцэнары развіцця падзеяў і заклікаюць беларусаў да адказнасці.

Апроч названых гасцей і экспертаў дзякуем за ўдзел у гэтым выданні драматургу і сцэнарысту кіно Андрэю Курэйчыку, псіхолагу Таццяне Маладзьянавай, Юліі Сівец (Гомель), Наталлі Ярмалінскай (Менск), Але Дзенісенцы (Горадня), Вікторыі Дашкевіч (Віцебск).

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Калаж з фота: DIEGO VARA / Reuters / FORUM і Dan Herrick / Zuma Press / FORUM

Больш матэрыялаў

Пры ўсёй нябачнасці пратэстаў супраціў не меншае, а толькі расце

«Выбары сфальсіфікаваныя. І што?» Скандальны выпуск ток-шоу «Кожны з нас»

Замах на Лукашэнку можа рыхтаваць толькі Расея

Літоўцы б’юць трывогу. Ці можа АЭС у Астраўцы паўтарыць лёс Чарнобылю?

Як у Кітаі: Лукашэнка рыхтуе сабе пажыццёвае месца ва ўладзе

Стварэнне новай партыі «Разам» расколвае і дэкансалідуе дэмакратычныя сілы?

Ці вядуць перамовы Захад і РФ пра лёс Лукашэнкі?

Якія памылкі часу БНР трэба ўлічваць сёння