«Гатовы публічна паразмаўляць з КДБ». Кіраўнік Руху «За Свабоду» адрэагаваў на спробу вербавання актывіста


Публічнасць – гэта, бадай, найбольш эфектыўная зброя супраць таго, што хтосьці намагаецца здзейсніць таемна.

Калі на вас ці вашых блізкіх ціснуць, скажам, спецслужбы – не бойцеся. І абавязкова распавядайце пра ўсе спробы вас шантажаваць, пагражаць ці вербаваць. Як пацвярджае практыка, гатовасць Не маўчаць можа адбіць ахвоту ў спецслужбаў да вас звяртацца. Пра гэта сёння і пагаворым на прыкладзе Вадзіма Бабіна, 24-хгадовага актывіста «Руху за Свабоду» з Наваградку, які распавёў пра спробу КДБ завербаваць яго.

Пра гэты факт у сацсетках распавёў Юрась Губарэвіч – кіраўнік Руху «За Свабоду».

«Ніякай рэакцыі не было (на заяву актывіста пра спробу вербавання). Гэта не тое ведамства, якое дзейнічае публічна і адкрыта. Звычайна яны стараюцца звяртацца да актывістаў па адным, і чым менш пра гэта інфармацыі праходзіць у публічную прастору, тым больш зручна ім працаваць і плесці свае сеткі», – адзначыў палітык.

У эфіры «Белсату» Юрась Губарэвіч звярнуўся да супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а дакладней – паўтарыў сваю ранейшую прапанову:

«У мінулым годзе пасля чарговай спробы вербавання я звярнуўся да вышэйшага кіраўніцтва КДБ з прапановай аб сустрэчы. Галоўны момант, што гэтая сустрэча павінная быць публічнай. Я гатовы з імі размаўляць у прысутнасці журналістаў або сведкаў, адказваць на пытанні пра дзейнасць Руху «За свабоду», і, натуральна, пачуць адказы ад іх, чаму такая цікаўнасць да нашай арганізацыі».

Больш – у відэа вышэй.

Фотаздымак на застаўцы да відэа з «Facebook» Руху «За Свабоду»