Гары Паганяйла: справа знікнення Ганчара і Захаранкі раскрытая


Справа «зніклых» следствам раскрытая, лёс ахвяраў вядомы і месцазнаходжанне іх целаў усталяванае, гаворыць адвакат Гары Паганяйла.

Ён меў доступ да матэрыялаў крымінальнай справы па знікненні Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі ды іншых асобаў. Сёння ў «Размове Калінкінай» адвакат называе імёны спраўцаў ды храналогію падзей, якія адбыліся роўна 18 год таму.

Былы старшыня Цэнтрвыбаркама, вядомы палітык Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі зніклі роўна 18 год таму, у верасні 1999 года, перад тым у траўні быў выкрадзены былы міністр унутраных справаў Юры Захаранка. Дагэтуль яны не прызнаныя загінулымі, а толькі «зніклымі без звестак» а Лукашэнка казаў, што зніклых нібыта бачылі, напрыклад, ці то ў Нямеччыне, ці то ва Украіне.

На падставе дакументаў аб‘яднанай крымінальнай справы адвакат Гары Паганяйла склаў адмысловае абвінаваўчае заключэнне. У ім у якасці падазраваных былі названы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка да высокапастаўленыя сілавікі. У «Размове дня» са Святланай Калінкінай Гары Паганяйла заявіў:

«Злачынствы з выкраданнямі гэтых асобаў на аператыўным узроўні раскрытыя! І гэта не чуткі ці чыесьці меркаванні. Гаворка вядзецца пра канкрэтныя дакументы з інфармацыяй, якая была афіцыйна здабытая і зафіксаваная. Напрыклад, рапарт начальніка крымінальнай міліцыі і намесніка кіраўніка МУС Лапаціка».

У гэтым рапарце апісаныя акалічнасці выкраданняў, названыя тыя, хто гэта зрабіў і дзе знаходзяцца целы зніклых. Паводле пастановы старшыні КДБ, быў нават затрыманы камандзір спецназа Дзмітрый Паўлічэнка, які даваў тлумачэнні. Гары Паганяйла лічыць, што гэтыя матэрыялы з доказамі не знішчаныя, і пры змене ўлады хутка патрапяць у суд:

«Дай Бог здароўя следчым!»

Глядзіце таксама: