Гарошкаў пад Рэчыцай. Адсюль пайшлі славяне


Існуе шмат гіпотэзаў наконт паходжання славянаў. Засталося толькі знайсці доказы, які пацвердзяць адну і абвергнуць іншыя. Менавіта дзеля гэтага ў Рэчыцкім раёне каля вёскі Гарошкаў вядуцца раскопкі Зарубінецкай археалагічнай культуры.

Вёска Гарошкаў не толькі радзіма паэта Анатоля Сыса. Тут археолагі адкрылі цэлы комплекс помнікаў жалезнага веку – паселішчы і могільнікі некалькіх стагоддзяў як нашай эры, гэтак і да яе пачатку. Гарошкаўскае гарадзішча, якое ў свой час абараніў ад знішчэння паэт Сыс, – класічны помнік Зарубінецкай археалагічнай культуры.

Сёння на пустое, здавалася б, месца на дняпроўскім плато, парослае травой і кустоўем, прыходзяць археолагі і пэндзлямі ды нажамі расчышчаюць пахаванні старажытных людзей, з якіх, магчыма, пачыналася Беларусь.

Як выяўляліся і вывучаліся археалагічныя помнікі ў Гарошкаве? Чым яны адметныя? Што на іх знойдзена, як дапамагло ў вывучэнні жыцця продкаў? Як праводзяцца навуковыя раскопкі старажытнага могільніка? Ці тут месціцца прарадзіма ўсіх славянаў? Пра ўсё гэта на месцы ў Гарошкаве пагавораць доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч і аўтар раскопак супольнай беларуска-расейскай экспедыцыі кандыдат гістарычных навук Аляксандр Драбышэўскі.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.