Гараджане не павінныя плаціць за паслугі ЖКГ больш за 20 % ад заробку. Гэта закон!


Жыллёвае пытанне псуе шмат крыві беларусам. Уласная кватэра – недасяжная мара для вялікай колькасці грамадзянаў, а з ростам коштаў за карыстанне інтэрнатамі самыя неабароненыя грамадзяне рызыкуюць застацца без даху над галавою.

Госць праграмы «Размова дня» са Святланай Калінкінай сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі распавядае, што часам змаганне з сістэмаю можа даваць плён. Менавіта гэтак атрымалася з сітуацыяй вакол інтэрнатаў у Магілёве. Мясцовыя ўлады пайшлі насустрач актывістам БХД і знізілі плату за пражыванне ў інтэрнатах.

«Згодна з заканадаўствам, плата за жытло не мусіць перавышаць 20 % даходаў сем’яў, якія жывуць у горадзе, і 15 % даходаў вяскоўцаў», – зазначыў Віталь Рымашэўскі.

Натхнёныя поспехам Магілёва, хрысціянскія дэмакраты збіраюцца змагацца за рэформу ЖКГ. Чаго яны хочуць дамагчыся, вы даведаецеся з праграмы «Размова дня» са Святланай Калінкінай і сустаршынём партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталём Рымашэўскім.