Гарачы каментар Ганна Красуліна: «З нас сцягваюць апошнія порткі і заклікаюць маўчаць!»


Пазбаўляючы народ выбараў, улады штурхаюць краіну да катастрофы. Палітычная Рада Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) прыняла адпаведную заяву па выніках фармавання ўчастковых выбарчых камісіяў. Толькі 4 прадстаўнікі партыі са 174 трапілі ў іх склад. Якіх крокаў чакаць далей у гэткай сітуацыі размаўляем з прэс-сакратаркай АГП Ганнай Красулінай.

– Ярмошына, Лукашэнка і Андрэйчанка лічаць, што калі траціна старых кандыдатаў хоча таксам пазмагацца за месца ў парламенце – гэта нармальна. А як лічыце Вы?

– Чаму не, няхай пазмагаюцца, толькі няхай гэта будзе сумленная справядлівая барацьба. Аднак мы ўжо цяпер бачым: фармаванне ўчастковых выбарчых камісіяў – гэта прынцыпова важная рэч. Там, дзе справу маюць менавіта з бюлетэнямі, дзе рэальна бачаць, за каго адданы голас, – гэта на ўзроўні ўчастковых выбарчых камісіяў. І па тым, як яны сфармаваныя, мы ўжо зараз можам сказаць абсалютна дакладна, што ўлады не збіраюцца праводзіць свабодныя і сумленныя выбары. На самой справе яны не збіраюцца лічыць галасы, а будуць фальсіфікаваць выбары. […]

…Па сутнасці цяпер няма падзелу ўлады. Уся ўлада сканцэнтраваная ў руках аднаго чалавека, які за 25 гадоў вычарпаў усе рэсурсы асабістых магчымасцяў. І ў дадзены момант мы стаім перад вельмі сурʼёзнай сітуацыяй: трэба прынцыпова вырашаць, што мы з вамі робім не толькі цяпер, а праз год, калі ўстане пытанне аб уладзе. Менавіта таму АГП заклікае ўсіх задумацца над гэтым пытаннем. […]

…У нашых кішэнях ужо шнараюць, а з некаторых сцягваюць апошнія порткі. І нас заклікаюць маўчаць! Маўчаць, калі вас рабуюць, – гэта аптымальна тое, што патрэбнае ўладзе! Вось гэтая апатыя: ні ў чым не ўдзельнічайце, маўчыце, вас рабуюць – а вы сядзіце моўчкі. Кожны павінен вырашыць для сябе: мае кішэні, мае порткі я павінен кантраляваць сам! І сам вырашаць, па якіх законах будзе жыць мая краіна. А для гэтага трэба выбіраць сапраўдных дэпутатаў на сумленных, справядлівых выбарах.

Працяг размовы – у сюжэце.

Віталь Бабін belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары