Ганна Канапацкая: «Я не галасавала за бюджэт»


Скарачэнне датацыяў дзяржаўным прадпрыемствам, павышэнне заробкаў і сацыяльных выдаткаў і нават прафіцыт у памеры 800 мільёнаў долараў – такія амбітныя мэты паставілі перад сабой складальнікі беларускага бюджэту на будучы год. Ці рэальна іх дасягнуць, і што чакае эканоміку Беларусі ў 2019-м? Пра гэта Арцёму Ляве распавядзе эканаміст навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Гэта падман. Ніякага прафіцыту няма. Гэта тыя грошы, якія запланаваныя, каб з іх аддаваць на абслугоўванне доўгу. А даўгоў трэба будзе аддаць амаль 4,2 мільярды долараў. Гэта страшэнная сума, яна вартая больш за 7 адсоткаў ВУП альбо больш за 20 адсоткаў даходаў бюджэту…»

Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

«Я не галасавала за бюджэт, бо не хачу галасаваць за тыя дакументы, каторых я не бачыла, не ведаю. Канчатковая версія бюджэту была пакладзеная на стол дэпутатам сёння за 40 хвілін да пачатку паседжання. Азнаёміцца з дастаткова аб’ёмістым дакументам не бачу магчымасці. […]

У бюджэт заложаны ўзровень інфляцыі каля 5,3%, рост ВУП – 102,3% да вынікаў гэтага году, прыкладная цана за нафту – каля 60 долараў за барэль. І заложаны прафіцыт бюджэту, каторы безумоўна будзе накіраваны на пагашэнне вонкавай запазычанасці. […]

Сёння як ніколі ўрад і асабліва прэмʼер-міністр павінныя думаць пра тое, як збалансаваць бюджэт з пункту гледжання напаўнення не грашыма з Расеі, а за кошт стымулявання ўнутранага эканамічнага росту. А гэта можна зрабіць толькі шляхам зніжэння падаткавай нагрузкі, запрыстання падатковага адміністравання, стварэння ўмоваў для рэальнага развіцця бізнесу…»

Улады запланавалі ў бюджэце на наступны год істотнае падвышэнне заробкаў па краіне: сярэдні – 1000, а ў бюджэтнікаў – 800 рублёў. Пенсіі вырастуць на 14%. Ці верыце Вы ў чарговыя абяцанкі ўладаў? Жыхары Пінску распавядаюць:

«Не я ў гэта не веру. Гаворыцца пра гэта некалькі гадоў, але я сумняюся».

«Столькі гадоў – а ўсё па-ранейшаму, без зменаў. Больш за тысячу ў нас ніколі не было і наўрад ці будзе».

«Эканамічнае становішча ў краіне не дазваляе выканаць усе гэтыя артыкулы запланаваныя».

«Не верым, бо абяцалі вялікія заробкі. Можа ў начальства і будуць вялікія заробкі, а ў сярэдняга класу такіх не будзе».

«Нерэальна за такі кароткі тэрмін усё гэта зрабіць».

«Ды не веру я ў гэта! І цяпер людзі столькі не зарабляюць! Што там закладзена? Я ўвогуле не маю панятку. Што яны там закладваюць? Можа толькі сабе ў галаву – больш нічога!»

belsat.eu