Галоўны козыр у гульні Лукашэнкі з Пуціным. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою




Чатыры мяшкі бульбы і сала ад Лукашэнкі ў Крэмль. Ці гэта быў удалы ход? Якая падзея сёлета дасць Беларусі шанец зменшыць ціск з боку Масквы. Гэта галоўнае сёння ў
«Прасвеце». Больш пра тэмы праграмы:

Рэанімацыя інтэграцыі з Расеяй ці страта незалежнасці?

У Новы год са старымі праблемамі. Беларусь развіталася з 2018-ым пад гучныя дыскусіі вакол жадання Масквы ўзнавіць і паглыбіць інтэграцыю з Беларуссю. Ці стане гэта выклікам сёлета? У сваім навагоднім звароце Аляксандр Лукашэнка назваў 3 галоўныя падзеі новага года. Эксперты, аднак, пагаджаюцца толькі з адною. Якою? Падрабязнасці – Вольга Жарнасек.

Польскі эксперт: «Расея злосна глядзіць на шматвектарную палітыку Менску»

Шляхі Беларусі ды Расеі разыходзяцца і Масква сур’ёзна ідзе ў кірунку падпарадкавання Менску. Як Крэмль хоча зрабіць гэта легальна? Што можа выратаваць Беларусь ад абдымкаў Расеі ў 2019 г.? Інтэрв’ю з Камілем Клысіньскім, галоўным адмыслоўцам па Беларусі ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў – польскім урадавым аналітычным інстытуце, які даследуе постсавецкія дзяржавы.

Без візаў на закупы, але можна даўжэй працаваць у Польшчы

Візы на закупы ў Польшчу адмянілі, але гэта не праблема. З 2 студзеня польскія дыпламатычныя пляцоўкі прыпынілі выдачу самай народнай візы. У Міністэрстве замежных справаў Польшчы кажуць, што змены маюць тэхнічны характар і ніякім чынам не адаб’юцца на колькасці дазволаў на паездку на Захад. Варшава зацікаўленая ў тым, каб надалей заставацца максімальна адкрытаю для беларусаў, кажуць польскія дыпламаты. Што яшчэ новага для беларусаў у Польшчы? Высвятляў Аркадзь Несцярэнка

«Грузінская мара» не прарасейская

У Грузіі на прэзідэнцкіх выбарах чарговы раз перамог кандыдат, якога падтрымлівала кіроўная партыя «Грузінская мара». Але сітуацыя выглядае так, што гэта апошнія пераможныя выбары для гэтай палітычнай сілы, і «Грузінская мара» ў 2020 г. распадзецца на фракцыі. Ігар Кулей паразмаўляў з кіраўніком адной з іх у Тбілісі.

Кандыдата Крамля на прэзідэнта Украіны няма. З кім будзе дамаўляцца Лукашэнка?

На гэтым тыдні ва Украіне стартавала прэзідэнцкая кампанія. Для нас цікавы не столькі сам новы будучы прэзідэнт, колькі ягоная магчымая замежная палітыка. Украінскія палітыкі ўсё менш схільныя дамаўляцца з Масквою, але з Менскам дамаўляцца яны не толькі ўсцяж могуць, але і хочуць: нашыя дачыненні сухія, рацыянальныя і без душы, але выгадныя і Кіеву, і Менску. Дзяніс Дзюба