Студыя «Белсат» Футбол у Смалявічах: стадыён абнавілі, заўзятараў бракуе


На мінулым і пазамінулым тыдні беларускія аматары футболу назіралі за нашымі клубамі ў еўракубках, сачылі за неверагодным дынамаўскім дэрбі ў Берасці. Але футбольнае жыццё ў краіне віруе не толькі ў буйных гарадах. У Смалявічах мясцовы аднайменны клуб ідзе ў лідарах першай лігі ды прагне вярнуцца ў элітны дывізіён.

З канца траўня «Смалявічы» гуляюць на абноўленым стадыёне «Азёрны». Хатнія матчы леташняга сезону, якія клуб праводзіў у Вышэйшай лізе, праходзілі на стадыёне ў пасёлку Акцябрскі. Ён хоць і меў пэўны каларыт, але ўсё ж не надта адпавядаў стандартам прафесійнага футболу. Але некаторым гледачам там падабалася:

«Я не са Смалявічаў. З пасёлку Акцябрскі. Калі ў нас гулялі, у нас лепш, вядома».

Аднак большасць заўзятараў ФК «Смалявічы» пра пераезд на абноўленую арэну не шкадуе:

«Вядома, тут прыемней гуляць. Калі вы былі ў Акцябрскім – там поле, за ім адразу агароды… Нават калі транслююць матч – тэлевізійная карцінка такая сабе. А тут прыязджаеш – неблагі стадыёнчык, хоць і маленькая ўмяшчальнасць, але ўтульны».

«Я працаваў на гэтым стадыёне. Ведаю яго кожную купіну. Выдатны стадыён. Палепшылі інфраструктуру за апошнія паўтара года».

«Жывем тут, таму прыемна прыходзіць. Горад з тае прычыны развіваецца. З’яўляецца дзіцячая школа. Прыемна назіраць. Ну, каманда змяняецца штогод, але «Смалявічы» на беларускім узроўні – добрая каманда».

Паводле кіраўніка Смалявіцкага райвыканкаму Міхаіла Загорцава, на рэканструкцыю стадыёну выдаткавалі 300 тысячаў долараў, з іх траціну ўклаў кітайскі інвестар. Нападнік ФК «Смалявічы» Аляксандр Красноў кажа:

«У параўнанні з мінулым годам, калі мы тут проста трэнаваліся, зрабілі добрыя распранальні і трыбуны. Яшчэ б заўзятары падтрымлівалі трохі больш… Каб прыходзілі на матчы, было б увогуле выдатна».

Заўзятараў пакуль няшмат, але да іх рэзкага наплыву тут гатовыя. Каля арэны ёсць умяшчальная паркоўка (чым не можа пахваліцца нават сталічны «Трактар», дзе да нядаўняга часу гуляла менскае «Дынама») і шапік з шаўрмой. Шаўрмы, дарэчы, на «Трактары» таксама няма. Як і піцы.

«Часам мы разыгрываем клубную атрыбутыку, часам піцы… Гэтым разам вырашылі разыграць ровар. Думаю, мы яшчэ гэтую практыку працягнем», – гаворыць прэс-сакратар ФК «Смалявічы» Аляксей Казыра.

У суботу «Смалявічы» прымалі на сваім полі аднаго з асноўных канкурэнтаў за лідарства ў Першай лізе – гомельскі «Лакаматыў». Госці, хоць і правялі перад матчам некалькі гадзінаў у аўтобусе, здолелі пачаць актыўна і адкрыць лік на 10-й хвіліне. Праўда, гаспадары адказалі даволі хутка. На гэтым галявая праграма вечара была скончаная. Першая і трэцяя каманды турнірнай табліцы згулялі ўнічыю 1:1.

Нападнік ФК «Смалявічы» Аляксандр Красноў:

«Можа, недзе не пашанцавала. Недзе стаміліся трохі. А так я лічу, што хлопцы няблага правялі гульню. Трэнер казаў, што гэта гульня за 6 пунктаў. Але ў той жа час наперадзе яшчэ шмат гульняў. Думаю, у матчы ў адказ мы забярэм свае пункты».

Верагоднасць таго, што «Смалявічы» па выніках сезону вернуцца ў Вышэйшую лігу, досыць высокая. Пасля першага кола клуб з гэтага гораду дзеліць першы радок з бабруйскаю «Белшынай» і мае ў пасіве толькі адну паразу. Калі другую частку сезону футбалісты Аляксандра Бразевіча не праваляць, то праз год мы пабачым на «Азёрным» і БАТЭ, і берасцейскае ды менскае «Дынама», і салігорскі «Шахцёр». А разам з тым мусіць вырасці і наведвальнасць.

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары