Студыя «Белсат» Футбалісты моладзевай зборнай саступілі партугальцам


Моладзевая зборная краіны па футболе правяла першы матч пад кіраўніцтвам Сяргея Яромкі. У Жодзіне – на ідэальным газоне, але пры мінімуме заўзятараў – нашыя хлопцы прымалі апанентаў з Партугаліі.

Гэта было ў межах кваліфікацыі да моладзевага чэмпіянату Еўропы 2021 года. Да вочнага двубою абедзве каманды паспелі згуляць са сціплым Гібралтарам. Партугальцы зрабілі гэта 5 верасня і перамаглі 4:0. А вось беларусы прымалі Гібралтар тут жа, у Жодзіне, яшчэ на пачатку чэрвеня. Тады каманду яшчэ трэнаваў Міхаіл Мархель, які цяпер узначальвае нацыянальную зборную. Вынік атрымаўся гістарычны – 10:0 на карысць нашых. Найбуйнейшая перамога моладзевай зборнай за ўсю гісторыю.

Праўда, жодзінскіх заўзятараў той поспех, відаць з усяго, не натхніў. Гэтым разам на трыбунах стадыёну «Тарпеда» аншлагу не назіралася. Але тым, хто ўсё ж прыйшоў, галоўны трэнер моладзевай зборнай Сяргей Яромка падзякаваў:

«Вядома, хацелася б, каб іх на трыбунах было больш, але ўсё роўна дзякуй. Я ўдзячны жодзінскім заўзятарам за тое, што яны прыйшлі падтрымаць у такі позні вечар нашую моладзевую зборную».

Госці валодалі мячом ды ініцыятываю значна больш. Яны былі хутчэйшыя і тэхнічнейшыя за гаспадароў, але ў першым тайме ключ да беларускай брамы гэтак і не знайшлі. «Белыя крылы» выратоўвала то штанга, то галкіпер Павел Паўлючэнка.

«Калі б вы пабачылі папярэднюю гульню Партугаліі з Гібралтарам, то пабачылі б, што мы сёння яшчэ даволі добра валодалі мячом. Партугалія заўсёды гуляе першым нумарам. Таму першапачатковы план быў згуляць у абароне строга, не дапусціць памылак. Мы практычна гэта і зрабілі», – тлумачыць Сяргей Яромка.

Нашыя хлопцы пратрымаліся пад магутным націскам да сярэдзіны другога тайму, але потым партугальцы ўсё ж узялі сваё.

Аўтара першага голу – Рафаэла Леаў – неўзабаве замяніў Дані Мота, якому было наканавана стаць аўтарам другога. Гэта адбылося ўжо на апошняй хвіліне кампенсаванага часу.

Партугальцы пакінулі Жодзіна ў добрым настроі і ў статусе аднаасобных лідараў сёмай адборачнай групы. Дэбют Сяргея Яромкі на чале нашай каманды атрымаўся не надта эфектны, але іншага выніку, напэўна, чакаць было складана. Хоць, паводле капітана зборнай, суайчыннікаў Крыштыяну Раналду яны не баяліся.

«Мы разбіралі каманду. Былі гатовыя. Рыхтавалі контратакі, нашыя нападнікі спрабавалі напружваць іхных абаронцаў. Але не хапіла трохі», – распавядае Глеб Шаўчэнка, капітан моладзевай зборнай Беларусі па футболе.

Да канца года беларуская маладзёжка правядзе яшчэ 3 адборачныя матчы. Найбліжэйшы – праз месяц на родным полі супраць Нарвегіі. Потым будуць візіты на Кіпр і ў Гібралтар да тамтэйшых равеснікаў.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары