Футбалісты БАТЭ гатавалі традыцыйны японскі суп


«Добры суп» – гэтак завецца акцыя, у межах якой футбалісты клубу БАТЭ гатавалі традыцыйны японскі суп рамэн пад кіраўніцтвам шэф-кухара рэстарану «Ган-Бэй». Пакаштаваць жа гэтую незвычайную для Беларусі страву запрашаюць цяпер усіх менчукоў.

Валерыя Казакевіч, PR-студыя «Sette»

«Мы прыдумалі такі спосаб карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці – «Добры суп». Гэта сапраўды спосаб матываваць людзей і ў той жа момант паказаць разнастайнасць нашай кухні, бо ў нас у меню больш за 20 супоў. Такога ў Беларусі, у Менску ва ўсялякім выпадку, дакладна няма. Ну, і гэта ж рэальная дапамога дзецям».

Гэтая акцыя – агульны праект дабрачыннай кампаніі UNIHELP, сеткі рэстарацыяў «Ган-Бэй» і футбольнага клубу БАТЭ. З 4 да 6 лістапада кожны наведнік сеткі рэстарацыяў «Ган Бэй» можа замовіць тры віды супу, якія ўдзельнічаюць у акцыі. Галоўнае – кошт супу вызначае сам кліент, а ўсе сабраныя грошы будуць пералічаныя на набыццё інвалідных вазкоў для дзяцей з ДЦП.

Віола Калеснікава, адмысловец у сувязях з грамадскасцю UNIHELP:

«Адзін вазок каштуе ад 4 да 5 тысячаў беларускіх рублёў. І збор на такі вазок нам сваймі сіламі атрымліваецца закрыць прыблізна за 5 дзён. Улічваючы колькасць рэстаранаў і наведнікаў, мы спадзяёмся, што за час акцыі ў нас атрымаецца сабраць сродкі на 1, а, можа, нават і на 2 вазкі».

Футбалісты выглядалі вельмі зацікаўленымі ў працэсе прыгатавання стравы, выконвалі ўсе загады шэфа і ўвогуле былі вельмі задаволеныя працэсам і вынікамі.

Эрвейн Мукам, паўабаронца ФК БАТЭ:

«Я люблю гатаваць. Калі ты гатуеш, у цябе ёсць час падумаць пра ўсё на свеце. Штопраўда, я гатую больш французскія або камерунскія стравы. Гэта першы раз, калі я гатаваў суп! І мне спадабалася. Я ведаю, што ў Беларусі шмат гатуюць супу – улетку, узімку, мы заўжды тут ямо суп».

Боян Дубаіч, форвард ФК БАТЭ:

«Мне вельмі прыемна, што магу дазволіць сабе і сапраўды хачу гэта рабіць. Ад такіх акцыяў проста немагчыма адмовіцца. Гэта робіцца з задавальненнем. Калі мы можам камусь дапамагчы, я заўжды буду адкрыты… Такі суп я яшчэ не гатаваў, але цяпер добры кухар быў з намі і расказваў нам, як трэба рабіць. І мне спадабалася, я лічу, што ў будучыні дакладна буду спрабаваць».

Дарэчы, гатаваць рамэн не так і складана, хоць варта заранёў падрыхтаваць усе інгрэдыенты, каб у апошні момант перад падачай засталося толькі сабраць суп.

Махендра Сінг, шэф рэстарацыі «Gan Bei»:

«Там кура, гародніна, грыбы шыітакі, локшына, зялёная цыбуля, чырвоны перац, курыны булён, бамбук, кукуруза. Вельмі смачны суп, вельмі добры».

Калі ж самім гатаваць вам не ахвота, то заходзьце ў найбліжэйшых тры дні ў «Gan Bei» да замаўляйце «Добрыя супы». Замест рахунку афіцыянт прынясе вам скрыню, дзе вы зможаце пакінуць ахвяраванні.

Рамэн – страва ў нашых мясцінах не надта распаўсюджаная. Таму я каштую яго ўпершыню. Супер! Востранька, як я люблю. Абавязкова пакінем нашай здымачнай групай ахвяраванне, каб падтрымаць такую высакародную акцыю. Ды і смачна ж сапраўды!

Зміцер Міцкевіч belsat.eu