Welcome ў Беларусь Французскі кухар збірае слімакоў на Віцебшчыне + рэцэпт


Распавядаем, чаму француз Барыс Буанняр (Boris Boignard) прыехаў у Беларусь, як гатаваць слімакоў і ці смакуюць яны вясковым жанчынам. Глядзіце новае выданне «Welcome ў Беларусь».

Кар’еру ён распачаў у роднай Францыі з працы бармэнам і самелье, а затым памочнікам і шэф-кухарам рэстарана. Цяпер ён жыве ў вёсцы Стражэвічы на Віцебшчыне. Барыс перабраўся ў Беларусь пяць гадоў таму з французскага мястэчка, бо ажаніўся з віцяблянкай.

Барыс Буанняр (Boris Boignard). Фота Максім Швед

Спачатку ўзяўся вырошчваць гусей і вырабляць фуа-гра. Але сапраўдным ягоным захапленнем сталі слімакі. У Францыі іх ядуць так часта, што ў прыродным асяроддзі іх амаль не засталося. Затое ў Беларусі слімакоў – колькі хочаш.

Барыс Буанняр (Boris Boignard) мантуе свой фудтрак на фестывалі «Sprava». Фота Максім Швед

Мы завіталі да Барыса ў госці, а таксама разам пабывалі на Міжнародным фестывалі пад адкрытым небам «Sprava» ў вёсцы Белая Царква. На яго наш герой прывёз уласны фудтрак, з якога карміў удзельнікаў французскімі стравамі, прыгатаванымі з вясковых беларускіх прадуктаў.

Барыс Буанняр (Boris Boignard) мантуе свой фудтрак на фестывалі «Sprava». Фота Максім Швед

Недалёка ад месца фестывалю ў аграгарадку Чарэя жыве былая кухарка Таццяна Мікалаеўна. Яна працуе прыбіральніцай у мясцовым доме культуры, а таксама спявае ў вакальным гурце «Натхненне», які будзе выступаць на фестывалі. Таццяна Мікалаеўна разам з сяброўкай першы раз у жыцці пакаштуе слімакоў, якіх згатаваў француз.

Барыс Буанняр (Boris Boignard) частуе ўдзельніц гурту «Натхненне» на фестывалі «Sprava». Фота Максім Швед

А вось і фірмовы рэцэпт Барыса:

  • Сабраць слімакоў пасля дажджу. Пакласці ў пластыкавую скрыню, прарабіць адтуліну, каб яны дыхалі. 7 дзён слімакі «ачышчаюцца».
  • Пасыпаць мукою і чаборам. Потым памыць і пакінуць на 1 месяц, найлепей у месцы, якое добра праветрываецца.
  • Добра памыць, аддзяліць ад ракавінак. Пакласці ў таз з салёнай вадой і добра «паразмінаць» або, як кажа Барыс, «зрабіць масаж».
  • Прыгатаваць булён: на 1 л вады дадаць 0,5 л белага віна, 1 моркаўку, 1 цыбуліну і 3 галінкі чабору. Гатаваць слімакоў у булёне 3-4 гадзіны на маленькім агні. Зняць з агню і пакінуць нанач.
  • Закатаць у стэрылізаваныя слоікі.
  • Робім масла: пятрушка, часнык, цыбуля, соль. Бярэм ракавінку слімака кладзем трошкі масла, потым загадзя прыгатаванага слімака, потым зноў масла і запякаем ў духоўцы 10 хвілін.

Чытайце таксама >>> Шляхта ела слімакоў і захаплялася беларускаю мовай

ІА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары