Фізік-ядравік: Стрэс-тэсты на БелАЭС нічога не значаць. На Чарнобыльскай АЭС таксама ўсё было добра з дакументамі 


Корпус рэактара ўсталяваны на другім энергаблоку Беларускай АЭС – пра гэта паведамілі ў прэс-службе групы кампаніяў ASE, якая выступае генеральным праектыроўшчыкам і генеральным падрадчыкам збудавання.

«Смешна глядзець, як беларускія атамшчыкі, не маючы інфармацыі, што там усталяваў расейскі падрадчык, робяць добрую міну пры дрэннай гульне. Мы ж не ведаем, у якім стане гэты біты корпус… Беларускі бок, я так разумею, не мае магчымасцяў кантраляваць, што там расейскі падрадчык паставіў. Расейскаму падрадчыку таксама ўсё роўна – яны атрымліваюць грошы з бюджэту і будуць будаваць нават калі гэта небяспечна», – адзначыў у«Гарачым каментары» расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Паводле Ажароўскага, вынікам стрэс-тэстаў – сыходзячы з якіх беларускія ўлады заяўляюць аб выключнай бяспечнасці АЭС – давяраць не трэба.

«Беларусь замовіла стрэс-тэсты расейскаму боку – то бок «Расатам» сам сябе правярае. Гэта ўжо смешна. Стрэс-тэсты трэба праводзіць па еўрапейскай методыцы – незалежнымі ад падрадчыка ядравікамі. Тым больш трэба разумець, што стрэс-тэсты гэта не праца з абсталяваннем – гэта праца з дакументамі. А ў нас як звычайна – «гладко было на бумаге, да забыли про овраги». Я нагадаю, што ў Чарнобыльскай АЭС на 26 красавіка 1986 года з дакументамі ўсё было добра. Таму гэтыя стрэс-тэсты нічога не значаць», – сцвярджае эксперт.

Цалкам размову глядзіце ў відэа.

 

ІІ, belsat.eu