Фірмы-сеткавікі чысцяць кішэні пенсіянераў. Як з гэтым змагацца?


Цяжка знайсці грамадзяніна нашае краіны, які б не чуў пра дзейнасць фірмаў-сеткавікоў. Вялікая колькасць такіх фірмаў зарэгістраваная ў Горадні, але прадаюць свае тавары яны па ўсёй Беларусі.

«У горадзе Узда была прэзентацыя масажных фатэляў, я была запрошаная на гэтую прэзентацыю, – распавяла Алена Бурая. – Нават сама не ведаю, як атрымалася, што я набыла гэты фатэль у растэрміноўку на 10 месяцаў, па вельмі вялікім кошце».

Намаганнямі вандроўных гандляроў з фірмы «Альтэра Інвест» спадарыня Алена за дзень да сваіх народзінаў стала вінная банку 3260 рублёў. Зразумела яна гэтае ўжо ўдома, калі зірнула ў паперы. Высветлілася таксама, што набытак – не ўнікальныя японскія рэчы.

«Ашуканцы… Падманваюць людзей на вялікія грошы…», – абураецца спадарыня Алена.

Спадарыня Алена – у роспачы… У пастку сеткавікоў трапіла і ейная сястра, Ніна Талстая. Каб вярнуць падаруначкі, жанчыны вымушаныя былі пераадолець 260 кіламетраў да Горадні.

«Паведамілі: японская вытворчасць, выдатная якасць і г. д. Падарункі… А насамрэч што атрымалася? Кітайскі шырспажыў, барахло, – абураецца спадарыня Ніна. – І не баіцеся ні Бога, ні людскіх праклёнаў, нічога. Як вы можаце есці і спаць? Я за гэтыя тры дні на гадзіну мо і заснула. А вы – спакойна. А я ўсё ляжу і думаю, ну як так можна спакойна спаць? Падмануўшы старых людзей, пенсіянераў».

Прадстаўнік фірмаў «Альтэра Інвест», «Каралева сіці», «Базіс поспеху», «Аляўціна плюс» Канстанцін Ганчар, спасылаючыся на заканадаўства, кажа, што скасаваць дамову і вярнуць тавар магчыма толькі тым, хто даедзе да Горадні.

«Гэта не парушэнне закону, што ў месцы рэгістрацыі юрыдычнай асобы вырашаюцца ўсе пытанні. То, што чалавеку 77 гадоў, не падстава, каб не прыехаць у Горадню развязаць пытанне», – кажа Ганчар.

У пошуках праўды ў горад над Нёмнам завітаў і жыхар Маладзечна Юрый Трасцын.

«Я адразу разгубіўся, думаў, дачцэ падараваць на 8 Сакавіка. Яна прыехала і кажа: «Дзе ты такое шыла ўзяў?» Хутка інсульт будзе, вось што я адчуваў з гэным пыласосам», – распавядае спадар Юрый.

У прысутнасці здымачнае групы «Маю права» працаўнікі фірмы «Вэлмакс Плюс» скасавалі дамову і вярнулі грошы спадару Юрыю.

Юрыстка Вольга Івашчанка дала некалькі парадаў тым, хто трапіў у пастку агрэсіўных гандляроў.

«Неабходна звярнуць увагу дакладна на апісанне тавару, на дату вытворчасці, на краіну вытворчасці, а таксама на артыкул і маркіроўку дадзенага тавару. Калі прадстаўленая інфармацыя не адпавядае інфармацыі, якая была агучаная спажыўцу на прэзентацыі, гэта з’яўляецца падставаю для скасавання дамовы. Акрамя гэтага, спажывец будзе мець права патрабаваць грашовую кампенсацыю маральнае шкоды», – запэўнівае юрыстка.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Жыхары Жлобіншчыны звярнуліся да нас па дапамогу
  • Менчукі пакутуюць ад небяспечных грызуноў
  • У рубрыцы «Ведай свае правы!» – пра вандроўных гандляроў
  • Беларусы – пра навязлівыя паслугі

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.