Філіповіч: Здымаў і буду здымаць


«Вырваны месяц з жыцця». Пасля выхаду на волю Максім Філіповіч распавёў у нашым эфіры пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары і асабістыя планы на бліжэйшы час.

Сяргей Падсасонны: Вітаем на волі ды спадзяемся, што гэта апошнія для вас суткі.

Максім Філіповіч: Дзякуй. Але мяркую, гэта не апошні арышт. Я як займаўся сваёй справай, гэтак буду займацца ёй далей. Буду здымаць усё, што адбываецца вакол мяне і выкладваць гэта.

Распачаўся самы сапраўдны пераслед з боку ўладаў паводле палітычных матываў.

Не хочуць яны, каб вылазіла праўда вонкі. У інфармацыйны век праўда вылазіць не толькі з майго або вашага боку: яна проста ў кожнага другога – ува ўсіх ёсць тэлефоны.

Адзін, другі, трэці, чацвёрты тэрмін. Колькі яшчэ? Чаму менавіта вас караюць за праўду?

Справа ў тым, што пакуль канал не раскручаны, яго асабліва не чапаюць. Ёсць іншыя людзі, якія робяць тое ж самае, што я, але на іх падпісаныя дзве, тры тысячы чалавек. Праз тое, што мой канал дасягнуў узроўню 25 тысячаў падпісчыкаў, мяне заўважылі – і распачалася траўля.

А што вы рабілі, каб столькі людзей глядзела ваш канал?

У мяне ніколі не было мэты дасягнуць пэўнай колькасці людзей. Я фанатычна рабіў, што мне падабаецца: здымаў, што адбываецца вакол – і ўсё прыйшло само сабой. Галоўнае – займацца тым, што ты любіць тое, што ўмееш – а ўсё астатняе прыйдзе.

Што адбывалася цягам гэтых вырваных з жыцця трыццаці дзён.

Хаця я прачытаў мноства таго, што не мог прачытаць раней – Агату Крысці, каментар да Канстытуцыі – гэта проста вырваны месяц з жыцця.

Глядзіце размову Сяргея Падсасоннага з Максімам Філіповічам у «Гарачым каментары».