Фатограф з Даніі прамяняў сусветных зорак на менскія дахі


Крэатыўныя асобы з-за мяжы прыязджаюць да нас па натхненне і заўважаюць у Беларусі шмат экзотыкі. Адзін з такіх замежнікаў – фатограф Жан-Мары Бабоно. Мясцовым жыхарам, каб змяніць стаўленне да звычайных рэчаў, а нават і да жыцця, часам варта ўсяго толькі зірнуць на з’яву з іншага пункту. Як глядзіць на нашую краіну замежнік? Пра сябе і сваё стаўленне да Беларусі Жан-Мары распавёў belsat.eu

Шлях у фатаграфіі

На пачатку 1990-ых, калі мне было 20 гадоў, я паступіў у Акадэмію вытанчаных мастацтваў у горадзе Нант. Калі мне было 14, я ўжо вывучаў падставы друку чорна-белых здымкаў у фотаклубе маёй школы, але паехаў туды пераважна праз тое, што быў закаханы ў дзяўчыну з майго класу, якая ехала туды вучыцца. Там я пачаў вывучаць магчымасці сваёй першай камеры – савецкага сярэднефарматнага «Lomo Lubitel». Тады і зрабіў сваю першую серыю «Дамы» ды зразумеў, што фатаграфія – гэта перш за ўсё святлапіс.

Пасля Акадэміі мяне прынялі ў прэстыжную Французскую нацыянальную школу фатаграфіі ў Арлі. Там акрамя маіх даследаванняў у вобласці фатаграфіі я меў магчымасць папрацаваць асістэнтам фотамайстра Люсьяна Клерґа. Гэты выбітны чалавек зрабіў шмат партрэтаў Пікасо ды іншых знакамітых мастакоў. У той час я быў вельмі сарамлівым хлопцам, працаваў адзін, калі рабіў свае ўласныя фотаработы. Дзякуючы асістэнцкай працы, я пачаў выходзіць са сваёй маленькай мыльнай бурбалкі і супрацьстаяць іншым, пачаў рабіць партрэты, размаўляць з мадэлямі. У мяне пачалі з’яўляцца ўласныя ідэі, які я хацеў рэалізоўваць. Мяне цікавіла, як можна інтэграваць тэкст у здымкі.

У 1999 годзе, калі я атрымаў ступень магістра і скончыў навучанне, я пастанавіў паехаць са сваёй ісландскаю дзяўчынай у Рэйк’явік. Там на Поўначы я пачаў кар’еру прафесійнага фатографа ў музычным часопісе. Гэта была захапляльная прыгода!

Я сфатаграфаваў некалькі канцэртаў ісландскага гурта «Sigur Rós». Для MTV у мяне быў шанец фатаграфаваць канцэрт Б’ёрк у ейным родным горадзе.

Ісландыя са сваймі выдатнымі вулканічнымі ландшафтамі і неспакойным творчым насельніцтвам была фантастычным натхненнем. Але пасля трох гадоў жыцця там я пачаў адчуваць сябе ізаляваным ад астатняга свету. Не зважаючы на гэта, культура мяне ўсцяж цікавіла. Я пераехаў у Капэнгаґен, дзе жыў і працаваў 16 гадоў.

Адраджэнне старога праекту

У траўні 1998 года разам з 23 асобамі ў сямі краінах я стварыў глабальны фотапраект. Я папрасіў удзельнікаў цягам месяца рабіць аўтапартрэт на аднаразовы здымач. Праз 20 гадоў, у траўні 2018 года, я паўтарыў задуму, але ў праекце ўжо былі 23 удзельнікі з 24 краінаў. Спадзяюся, што ў бліжэйшай будучыні гэта арт-праект пабачыць свет.

Падарожжы ў часе

Упершыню я прыехаў у Беларусь у красавіку 2013 года, каб адзначыць дзень нараджэння маёй былой беларускай дзяўчыны. Яна маці маёй дачкі. Каб размаўляць з дзіцём, я вывучаю расейскую мову. Таму я ўжо пяць гадоў рэгулярна прыязджаю ў Беларусь і кожнага разу даведваюся пра краіну штосьці новае.

Калі вы прыязджаеце як турыст, то атрымліваеце толькі павярхоўныя веды пра краіну і яе культуру. Каб даведацца штосьці больш, трэба пажыць некалькі месяцаў, а лепей гадоў, папрацаваць, завесці сяброў, вывучыць мову…

Прыязджаць у Беларусь – для мяне гэта штосьці кшталту падарожжа ў часе. Асабліва калі вы бавіце час у сельскай мясцовасці. На лецішчы прабабулі маёй дачкі, каб памыць посуд і схадзіць у лазню, вы мусіце набраць вады з калодзежа, нагрэць яе ў катле. Прыбіральня – гэта драўляная скрынка ў садзе… Гэтак у Заходняй Еўропе было некалькі дзесяцігоддзяў таму. Але гэта па-свойму крута.

Пакінуць сучасны камфорт на некалькі дзён – асвяжае! Вяртанне да каранёў, да прыроды лекуе розум ад гарадскога стрэсу.

Поруч з ультрасучаснымі моламі ў Менску можна наткнуцца на крамы, якія выглядаюць так, быццам бы не мяняліся з 1970-ых гадоў. Мне падабаецца такі кантраст стыляў! Спадзяюся, што бліжэйшымі гадамі яны не павыміраюць, і ўсё не стане сумным ды стандартным. Гэта вельмі важная частка чароўнасці гораду.

Таксама мне вельмі падабаецца, як выкарыстоўваюцца колеры ў горадзе і на вёсцы: каляровыя платы, фрэскі, гульнявыя пляцоўкі. Сярод іншага, манументальныя лозунгі і велічэзныя літары на будынках, якія я намагаўся сфатаграфаваць з узроўню даху падчас здымак праграмы.

Я думаю, што Беларусь – вельмі фотагенічная краіна! Для фатографа кшталту мяне гэта рай!

За пяць гадоў майго знаёмства з краінай я зрабіў тут тысячы здымкаў. Спадзяюся зрабіць выставу і фотакнігу на гэтую тэму.

Чаму француз, які фатаграфаваў Дэвіда Лінча і Б’ёрк, цяпер палюе на беларускія літары? Хто яму дапамагае? І ці варта есці круасаны перад тым, як лезці на дах? Глядзіце ў чарговай серыі «Welcome ў Беларусь» (відэа вышэй).

Спадабалася праграма? Сачыце за намі ў Facebook, ВКонтакте, на Instagram і ў Одноклассниках.