Еўразвяз дамаўляецца з Расеяй пра Беларусь? «ПраCвет» з Алінаю Коўшык


Сёння ў праграме – эксклюзіўнае інтэрв’ю са Святланаю Ціханоўскаю.

Больш пра тэмы праграмы:

Лукашэнка баіцца за сваю будучыню

Тэрміновыя дэбаты пра палітычную сітуацыю ў Беларусі правёў Еўрапарламент 26 лістапада. Па выніках прынялі адмысловую рэзалюцыю. У пачатку снежня плануюцца чарговыя спатканні ў справе крызісу ў нашай дзяржаве, а таксама прыняцце трэцяга пакету санкцыяў. Аляксандр Лукашэнка 24 лістапада заявіў, што заходнія дзяржавы імкнуцца зрынуць існы ў Беларусі лад і падключыць да гэтага Расею. Мы спыталі еўрадэпутатаў, якія займаюцца беларускімі праблемамі, ці сапраўды гэта так.

Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю Аліне Коўшык: Беларусы расчараваныя стаўленнем Расеі да нас

Інтэрв’ю з нацыянальнаю лідаркаю Беларусі пра падтрыманне Захаду, стасункі з Масквой і далейшыя крокі. Вашай увазе – эксклюзіўнае інтэрвʼю са Святланаю Ціханоўскай, якую Бі-Бі-Сі прызнала адною з самых уплывовых жанчын свету.

Ці вернае Лукашэнку войска?

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі перажывае за адданасць яму арміі ды ставіць міністру абароны задачу ўзмацніць патрыятызм, то бок гатовасць выконваць усе ягоныя загады. Наколькі армія ідэалагічна лаяльная Лукашэнку? І чаму не відаць масавай падтрымкі пратэстаў вайскоўцамі?

Спрэчка пра Карабах не скончылася. Калі Ільхам Аліеў прыедзе ў г. Шуша?

Падаецца, што ў справе Нагорнага Карабаху пастаўленая кропка і перадзеленыя сферы ўплыву. Турцыя і Расея дамовіліся стварыць у рэгіёне супольны цэнтр, каб сачыць за рэжымам спынення агню, а парламент Турцыі прыняў законапраект аб размяшчэнні войскаў для накіравання назіральнікаў. Пагадненне аб спыненні агню падпісалі з удзелам Расеі 10 лістапада, Арменія абавязалася перадаць шэраг раёнаў Рэспублікі Арцах Азербайджану, у тым ліку гістарычную сталіцу – Шушу. Чым скончылася шасцітыднёвая вайна за Нагорны Карабах, высвятляла Наста Ільіна.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у чацвер а 20:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: president.gov.by

Напішы журналістам