Эпілог. Плошча 2010 года як завяршэнне эпохі змагання


19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці ў Менску адбылася шматтысячная мірная акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Улады люта разагналі акцыю.

Болей за 700 чалавек былі кінутыя ў турмы на тэрміны да 15 содняў або пакараныя вялікімі штрафамі. Супраць некалькіх дзясяткаў узбуджаныя крымінальныя справы, пазней іх асудзілі на гады зняволення. На нарах турмы КДБ апынуліся сямёра кандыдатаў на прэзідэнта і шэраг іхных паплечнікаў.

Спецслужбы зафіксавалі ўсіх, хто з тэлефонамі быў на плошчы, і цягам наступных месяцаў людзей выклікалі на допыты па ўсёй Беларусі, праводзілі ператрусы ды канфіскацыі ў кватэрах і офісах. Такога гвалту прыхільнікам мірных дэмакратычных пераменаў Еўропа не ведала з часу ваеннага становішча ў Польшчы.

Апазіцыя на гады пазбавілася сваіх лідараў, дэмакратычныя сілы апынуліся разʼяднаныя, у краіне пасяліліся страх і грамадская апатыя. Больш такім масавых выступаў у найноўшай гісторыі не назіралася. Дзяржава апынулася ва ўнутранай стагнацыі ды міжнароднай ізаляцыі. Гэтак скончылася трыццацігадовая эпоха змагання за незалежнасць і дэмакратыю. Чаму? Адкажуць тыя, хто цягам гэтых трох дзесяцігоддзяў быў у авангардзе змагання.

Сведкі – Мікола Статкевіч і Сяргей Дубавец.