Эмілія Плятэр


Жыццё Эміліі Плятэр стала легендай, а яе імя – сімвалам самаахвярнай любові да Айчыны.

Яе подзвіг услаўлены паэтамі і мастакамі. Яе параўноўвалі з Жанай д’Арк. За сваё кароткае жыццё яна зрабіла тое, на што іншы і за доўгія гады не здатны. А не здатны таму, што не гарыць у яго душы агонь патрыятызму, не кліча няўрымслівасць, а боязь перад небяспекай захоўвае яго за сценамі хаты.

Нарадзілася Эмілія 13 лістапада 1806 года ў Вільні. Бацька яе, граф Францішак Ксаверый, паходзіў са старажытнага нямецкага роду Плятэраў, а маці Ганна Моль была з Браслава. І не нацыянальная прыналежнасць, а Радзіма вызначыла светапогляд юнай графіні. Сямейнае жыццё бацькоў Эміліі не склалася. Маці з дачкой жылі ў маёнтку Ліксна каля Дынабурга. Адукацыю дзяўчынка атрымала ўдома. Захаплялася яна гісторыяй і матэматыкай. Такой дваістай і расла Эмілія – смелая і сарамлівая, мужная і пяшчотная, узнёслая і разважлівая. Навучылася яна ездзіць вярхом на кані, страляць з пісталета. І марыла пра подзвіг.

«Ад дзіцячых гадоў была думка, што калісьці пайду я на вайну», – казала яна пазней.

Вось і выхоўвала з сябе воіна. А кумірам яе быў Тадэвуш Касцюшка. Таму і не дзіўна, што дзяўчына расла патрыётам роднага краю. Хоць ніхто не мог і прадбачыць, што гэтае невялічкае дзяўчо гартуе ў сабе дух змагара.