Гарачы каментар Экстрэміст ці ахвяра: за што ў Менску затрымалі таджыкскага футбаліста


Беларусь усё часцей пацвярджае непрыемную для нас выснову: шукаць паратунку ад палітычнага пераследу ў сябе на радзіме замежнікам не варта. За прыкладамі далёка хадзіць не даводзіцца: згадайма хаця б выкраданне ў Гомлі ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба або паездкі сілавікоў Кадырава ў Берасце, адкуль гнаныя на радзіме чачэнцы месяцамі намагаюцца збегчы ў бяспечную Еўропу. Ну вось і яшчэ адзін прыклад. У менскім аэрапорце быў затрыманы былы футбаліст вышэйшай лігі Таджыкістану Парвіз Турсунаў, адлучаны на радзіме ад матчаў з-за… барады. Паводле знаёмцаў Турсунава, яго затрыманне адбылося яшчэ 18 верасня. Афіцыйныя прычыны затрымання ўсцяж невядомыя.

У «Гарачым каментары» – палітычны ўцякач з Таджыкістану, журналіст, праваабаронца Мухамаджон Кабіраў, які распавёў гісторыю затрыманага ў Беларусі мужчыны:

«Парвіз Турсунаў – былы футбаліст таджыкскага «Хайру». Гэта вельмі вядомая каманда. Раней яго паставілі перад фактам: будзеш гуляць без барады або не будзеш гуляць увогуле. Калі ўлічыць, што гульня мірская справа, ён вырашыў, што калі па-чалавечаму патлумачылі, ён зразумеў. А калі настойваюць, як ты мусіш хадзіць, што насіць – гэта, хіба, яго зачапіла. Пасля ён пакінуў лігу, хіба, супраць яго адкрылі справу. Яму давялося пакінуць краіну, некалькі гадоў ён знаходзіўся ў Дубаі. З-за справаў, звязаных з дакументамі, пакінуў Дубаі, паехаў у Турцыю. Там таксама не ўдалося аформіць дакументы, таму што паводле новых законаў у Турцыі, патрэбная нейкая даведка з амбасады. А калі ён знаходзіцца ў вышуку, то такую даведку яму не дадуць. Парвіз быў у такім тупіку, адзіны шлях заставаўся – трапіць у Еўропу. Патрапіць магчыма праз Беларусь, праз Берасце ў Тэрэспаль. Набылі квіток Стамбул – Адэса, Адэса – Менск 18 верасня. Турсунава затрымалі ў аэрапорце, калі праверылі дакументы».

Паводле госця студыі «Белсату», Парвіз – звычайны мусульманін, праблема якога толькі ў тым, што ён вырашыў насіць бараду.

Мухамаджон Кабіраў заявіў, што для выгнання ўлады Таджыкістану выкарыстоўваюць любыя метады:кагосьці вінавацяць у прыналежнасці да «няправільных» рэлігійных плыняў, іншых называюць «ворагамі народу».

Фота на застаўцы да відэа centralasian.org

 

Глядзі таксама
Каментары