Асабісты капітал Экстрасэнс: Лукашэнка не будзе балатавацца на наступных выбарах


Праз тое, што ў людзей шмат праблемаў, яны ўсё часцей звяртаюцца па дапамогу да экстрасэнсаў, варажбітак, празорцаў. Спрэчкі аб тым, ці існуюць людзі з дарам прадбачання і лекавання, ідуць ужо шмат гадоў. І, відаць, ніколі не сціхнуць. Верыць прадказальнікам будучага або не – уласная справа кожнага. Галоўнае – не аддаваць на прадказанні апошнюю капейку.

Александрына называе сябе патомнай празорцай. Дар перайшоў ад бабулі-цёзкі. Да той, каб дазнацца будучыню, людзі прыязджалі з іншых краінаў. У дзевяць гадоў Александрына распавяла суседу, што яго чакае ў найбліжэйшыя месяцы. Пасля таго, як прадказанне спраўдзілася, да дзяўчынкі паўсталі чэргі з аднакласнікаў і нават настаўнікаў. Цяпер па дапамогу звяртаюцца ўсе: ад хатніх гаспадынь да бізнесоўцаў. Апошніх, дарэчы, больш за ўсіх. Галоўныя запыты – асабістае жыццё, здароўе і праца.

«У асноўным гэта навядзенне псуты і сурокаў. Вы можаце задаць мне сустрэчнае пытанне, чаму гэта назіраецца. Таму, што людзі ўзлаваны, шмат зайздрасці, хлусні ды канкурэнцыі», – кажа празорца.

Часцей за ўсё Александрына прадказвае будучыню на картах таро. Кажа, што счытаць лёс яна можа і праз фатаграфію, і проста гледзячы ў вочы. Ніякай рэкламы ў інтэрнэце не размяшчае – спрацоўвае сарафаннае радыё. Хоць бізнесам свой дар яна і не называе, аднак кажа, што канкурэнтаў у гэтай сферы стае.

У стары Новы год існуе традыцыя гадаць. Александрына раіць: каб убачыць нарачонага, у шклянку з вадою трэба апусціць заручальны пярсцёнак, узяты ў кагосьці са сваякоў. На дно пярсцёнак апускаем з дапамогаю воласа, вырванага з уласнай галавы. Доўга ўзіраемся, і калі верыць празорлівай, то ў шклянцы з’явіцца твар будучага мужа.

Здольнасці празорцаў заўсёды выклікалі гарачыя спрэчкі. Медыум Вольф Мэсінґ прадказаў Гітлеру смерць, калі той «пойдзе вайной на Усход». Джын Дыксан з Каліфорніі вядомая сваім прадказаннем забойства Кенэдзі. А балгарская празорца Ванґа праславілася тым, што падчас Другой сусветнай нібыта магла вызначыць месцаперабыванне зніклых салдатаў. Ванґа прадказвала пачатак Трэцяй сусветнай вайны ў дзве тысяча дзясятым годзе. Прадказанне не споўнілася.

Таццяна Калініна штодня прымае аднаго-двух чалавек, а таксама вядзе школу астралогіі. Жанчына складае гараскопы вядомых людзей. Яна кажа, што ведае лёс Пуціна, Лукашэнкі, Мэркель і Трампа. Апошняму, дарэчы, яна прадказала ў дзве тысяча сямнаццатым годзе перамогу ў выбарах на пост прэзідэнта ЗША. А год таму публічна выказалася пра тое, што ўлетку 2021 года нямецкі канцлер пакіне свой пост.

«З 7 ліпеня 2020 года ў гараскопе Беларусі адкрыецца новае вітка. Яна будзе ісці да 2039 года. На 19 гадоў зменіцца заступнік Беларусі», – распавядае астролаг Таццяна Калініна.

У базе Таццяны гараскопы не толькі людзей, але нават краінаў. Кажучы астралагічнаю мовай, цягам 19-ці гадоў у Беларусі будзе заступнік, які размесціцца ў доме грошай і будзе кіраваць домам гандлю і суседзяў. З чаго вынікае, што ў гэты перыяд моцна падымецца эканоміка нашай краіны.

«У гараскопе Расеі з кастрычніка 2017 года пачаўся асаблівы перыяд, які называецца Садэ-саці. Гэта перыяд максімальнага ўплыву планеты Сатурн. І, на жаль, гэта крызісны перыяд і для людзей, і для дзяржаў», – працягвае астролаг.

Чым бліжэй Сатурн падбіраецца да Месяцу, тым больш непрыемных падзеяў абяцае краіне. Пік крызісу ў Расеі надыдзе ў студзені 2020 года і працягнецца да сакавіка 2023-га.

«Я не думаю, што ён будзе выстаўляць сваю кандыдатуру. Я думаю, што ўнутры яго цяпер ідзе вялікая барацьба: на каго я вас пакіну. Але я думаю, што ён ведае, на каго», – кажа Таціяна Вараб’ёва, майстар трансфармацыі свядомасці.

У Таціяны Вараб’ёвай – майстрыхі трансфармацыі свядомасці – мы спыталіся, ці пераможа Лукашэнка на наступных выбарах. Таціяна кажа, што ён наагул не будзе балатавацца. Маючы дар празорцы з ранняга дзяцінства, яна ўжывае свае здольнасці ўжо 18 гадоў. Дапамагае спраўляцца з праблемамі кліентам ува ўсім свеце. Задаем яшчэ адное пытанне: ці магчыма, што Беларусь аб’яднаецца з Расеяй.

«Ці будзем мы аб’ядноўвацца? Я ўпэўненая, што вельмі доўгі час – не!» – адказвае Таціяна Вараб’ёва.

Падрабязней – глядзіце ў сюжэце! (відэа вышэй)

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • «Праз крэдыты муж абліўся бензінам і падпаліў сябе»
  • Эксперт: трэба варушыцца, каб ахвотныя працаваць з Беларуссю не разбегліся
  • За адную і тую ж паездку заплацілі двойчы: беларусы пра нядобрасумленных таксоўцаў

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары