Эксперт: шэнгенскія візы для беларусаў патаннеюць


Шэнгенскія візы для жыхароў Беларусі не павінныя каштаваць € 80, мяркуе генеральны дырэктар міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

Беларусь ужо дзесяць гадоў ёсць удзельніцаю праекту «Усходняе партнёрства». За гэты час Еўразвяз зрабіў некалькі важных крокаў насустрач Беларусі, але пытанне, якое хвалюе большасць звычайных жыхароў краіны, застаецца неразвязаным. Сёння бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Еўразвязам застаецца недасяжнаю марай. І нават паніжэння памеру консульскага збору чакаць не даводзіцца. Наадварот, усе чакаюць толькі павышэнняў коштаў да € 80.

«Для беларускіх уладаў вельмі нявыгадна дасягнуць сітуацыі, калі візы для беларусаў стануць € 80. Гэта вельмі непапулярная мера. Таму думаю, што наш МЗС зробіць усё, каб паспець узгадніць пытанне візавай лібералізацыі. Да канца 2019 года мы атрымае як мінімум € 35 замест € 80 або € 60. І гэта будзе зноў лічыцца марудным, але прагрэсам. Можна будзе яшчэ гадоў пяць–сем рухацца ў бок візавай лібералізацыі або бязвізу», – выказаўся госць праграмы «Размова Сцебуракі» генеральны дырэктар «ЕўраБеларусі» Улад Вялічка.

Падрабязней на тэму – у «Размове Сцебуракі» з генеральным дырэктарам міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь» Уладам Вялічкам.