Эксперт: Улады ў любы момант могуць адключыць расейскія каналы


Нараду ў кіраўніка Беларусі аб пытаннях інфармацыйнай бяспекі ў эфіры «Белсату» пракаментаваў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Паводле госця «Гарачага каментару» Паўлюка Быкоўскага, расейскі кантэнт прысутнічае не толькі ў дзяржаўных, але і недзяржаўных медыяў.

«Трэба зазначыць, што беларускія медыі, у тым ліку незалежныя, вельмі часта выкарыстоўваюць паведамленні расейскіх інфармацыйных агенцтваў. На сённяшняй сустрэчы Аляксандр Лукашэнка сказаў, што займацца прапагандай нам не трэба, і звярнуў увагу, што Беларусь мае сяброў і не-сяброў з розных бакоў», – кажа Быкоўскі.

На думку нашага суразмоўцы, хаця наўпроставага выпаду ў бок Расеі не было, Лукашэнка меў на ўвазе менавіта ўсходняга суседа і яго медыі.

«Нельга сказаць, што гэта выпад супраць Расеі. Але тое, што ўжо больш за дзесяць гадоў улады маюць рубільнік на расейскіх каналах і тое, што малюнак, які мы атрымліваем з Масквы, можа быць перапынены, гэта дакладная справа», – упэўнены Быкоўскі.

31 студзеня кіраўнік Беларусі на адмысловай нарадзе даручыў стварыць навуковую ўстанову, якая будзе займацца палітычным аналізам і даследаваннем інфармацыі ў СМІ і інтэрнэце.