Эксперт Украінскага інстытуту будучыні: Для Лукашэнкі крытычна важна любым чынам улезці ў міратворчую місію на Данбасе


Менск гатовы накіраваць міратворчы кантынгент на Данбас. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.

Паводле палітычнага аглядальніка Украінскага інстытуту будучыні Ігара Тышкевіча, увядзенне беларускага міратворчага кантынгенту адпавядае інтарэсам кіраўніка Беларусі.

«У выпадку, калі Расея захоча рэалізаваць “данбаскі” або “крымскі” сцэнар, то ў адрозненні ад Украіны ў Беларусі не будзе адвакатаў на Захадзе ці ў іншых краінах. Адна справа, калі ты проста перамоўная пляцоўка і зусім іншая, калі ты ўдзельнік міратворчай місіі. Агрэсіўныя дзеянні супраць такой дзяржавы могуць выклікаць рэакцыю цэлага шэрагу міжнародных арганізацыяў. Для Лукашэнкі крытычна важна любым чынам улезці ў гэтую місію», – мяркуе госць праграмы «Гарачы каментар» Ігар Тышкевіч.

На думку ўкраінскай журналісткі Алены Бабаковай, украінскія палітычныя эліты пераацэньваюць ступень вонкавапалітычнай самастойнасці Беларусі, а заява наконт місіі – элемент піяру.

«Перамовы пра міратворчую місію зацягнуцца не на адзін месяц. Украіна рыхтуе свой праект рэзалюцыі, які хутчэй за ўсё будзе аб’яднаны з расейскім праектам падчас абмеркавання ў ААН. Паводле “The Wall Street Journal”, амерыканцы хочуць прапанаваць місію, якая будзе складацца з 20 000 міратворцаў. Прынцыповы момант для амерыканцаў – міратворцы на ўсёй тэрыторыі акупаваных тэрыторыяў Данецкай і Луганскай абласцей. На гэта Расеяй не пойдзе. Масква хоча мець міратворцаў толькі ўздоўж лініі размежавання», – тлумачыць Алена Бабакова.

Больш у відэаматэрыяле!