Эксперт: Пакуль ва Узбекістане не вырашаць, хто будзе пераемнікам, афіцыйнай інфармацыі не будзе


Інфармацыя пра смерць прэзідэнта Узбекістану Іслама Карымава, што зʼявілася ўчора ўвечары на інтэрнэт-старонцы міжнароднага агенцтва навінаў «Фергана» ды якую распаўсюдзілі сусветныя медыі, застаецца без афіцыйнага пацвярджэння. Расейскія інфармацыйныя агенцтвы, са спасылкаю на крыніцы ва ўрадзе ды адміністрацыі прэзідэнта, увогуле зняпрАўджваюць смерць палітыка.

ІГАР ВІНЯЎСКІ, ЦЭНТР РАЗВІЦЦЯ ГРАМАДЗЯНСКІХ СМІ Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ АЗІІ, ВАРШАВА:

«Пакуль у краіне не вырашаць, хто ў краіне бярэ кіраванне ў рукі, афіцыйнай інфармацыі не будзе. Але доўга цягнуць не змогуць. Гэта пытанне 2-3 дзён».

Карымава шпіталізавалі 28-га жніўня ўвечары, пасля банкету, прысвечанага поспехам нацыянальнай зборнай краіны на Алімпіядзе ў Рыа. Днём пазней малодшая дачка палітыка Лола паведаміла, што ў бацькі быў інсульт. Неўзабаве зʼявілася відэа, дзе алімпійскія спартоўцы зычылі свайму прэзідэнту здароўя.

ФАЗЛІДДЗІН ГАІБНАЗАРАЎ, ЗАЛАТЫ МЕДАЛІСТ АЛІМПІЯДЫ-2016:

«Зычу, каб Вы і ў 2020 годзе глядзелі наш выступ на Алімпіядзе ў Токіа і далі сваё добраславенне».

Узбекскі лідар выплаціў па 200 тысяч долараў за кожную з 4-х залатых медалёў, узятых прадстаўнікамі краіны. Гэта чацвёртыя з велічыні выплаты ў свеце. Нават Лукашэнка, які любіць адзначыць айчынныя спартовыя поспехі, паабяцаў на чвэрць менш. Так што гэта нечаканы вынік для краіны са 133-яю пазіцыяй ува ўзроўні ВУПу на душу насельніцтва.

ІГАР ВІНЯЎСКІ, ЦЭНТР РАЗВІЦЦЯ ГРАМАДЗЯНСКІХ СМІ Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ АЗІІ, ВАРШАВА:

«Аўтарытарныя кіраўнікі вельмі любяць выдаваць грошы, яны не скупяцца на тое, што можа ўмацоўваць як унутраны імідж, так І імідж на міжнароднай арэне».

Нягледзячы на тое, што Узбекістан уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых экспарцёраў золата, бавоўны, урану ды прыроднага газу, большасць насельніцтва надалей задзейнічанае ў сельскай гаспадарцы. Сярэдні заробак па краіне – прыблізна 150 долараў, а траціна працаздольнага насельніцтва выехала ў пошуках працы за мяжу. Ці чакаюць краіну грунтоўныя змены ў выпадку змены кіраўніцтва?

НАДЗЕЯ АТАЕВА, АСАЦЫЯЦЫЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ АЗІІ:

«Змены рэжыму мы не чакаем, адназначна. У краіне няма апазіцыі і няма магчымасці свабодна выказваць галасы. Ніводны з пераемнікаў, якіх сёння называюць, не можа прадстаўляць інтарэсы ўзбекскага народа. Гэта зноў прадстаўнікі карумпаванай узбекскай сістэмы».

Пакуль жа ў краіне ідзе схаваная ад вачэй палітычная барацьба, з Узбекістану прыходзіць чарговая інфармацыя, з якой цяжка рабіць нейкія высновы. У краіне адмянілі ўсе святочныя імпрэзы да Дня незалежнасці.

Ігар Кулей belsat.eu