Эксперт: Калі Расея пачне нас абараняць – мы не абаронімся


Расея рыхтуецца размясціць новую вайсковую частку пры мяжы з Беларуссю – паведамляе сайт informnapalm.org. Гэта ўжо чарговае ўзмацненне расейскай вайсковай прысутнасці ля нашай краіны.

  • Пасля расейскай агрэсіі ва Украіне ў 2014 годзе, недалёка ад Беларусі была наноў створаная 144-ая матастралковая дывізія. Ейныя мотастралковыя палкі базуюцца ў Ельні, Смаленску, Клінцах і Займішчы.
  • У горадзе Почап размясціўся 856-ы самаходна-артылерыйскі полк, а тамсама асобны батальён матэрыяльнага забеспячэння і асобны медычны батальён.
  • Цяпер новую вайсковую частку плануюць размясціць у горадзе Унеча Бранскай вобласці, што месціцца ў 79 км ад нашай мяжы і ў 58 км ад мяжы Расеі з Украінай.

Звяртае ўвагу той факт, што Унеча з’яўляецца чыгуначным вузлом, рэйкавыя кірункі ад якога вядуць у нашыя Добруш, Гомель, Крычаў і Магілёў. У напрамку беларускай мяжы з Унечы вядзе таксама і аўтамабільная траса федэральнага значэння.

А напачатку тыдня з’явілася інфармацыя пра тое, што Расея пастанавіла ў аднабаковым парадку размясціць найноўшыя комплексы радыёэлектроннай барацьбы «Самарканд». Што гэта за комплексы і як яны працуюць? Адмыслова для «Белсату» тлумачыць вайсковы аглядальнік з Масквы Віктар Літоўкін:

«Комплекс радыёэлектроннай барацьбы «Самарканд» прызначаны для таго, каб падаўляць радыёсігналы і лініі камунікацыі верагоднага ворага. Гэта можа быць і праца электронных сродкаў штабоў, гэта можа быць і сувязь паміж штабам і беспілотным лётным апаратам, гэта можа быць і сувязь паміж самалётам і джы-пі-эс – сістэмай навігацыі і арыентацыі ў прасторы. То бок усё, што можа працаваць у радыёэлектронным дыяпазоне, можа быць падаўлена сістэмай «Самарканд». Асаблівасцю ад папярэдніх падобных комплексаў зʼяўляецца тое, што «Самарканд» мае значна большую далёкасць уздзеяння на верагоднага ворага. Афіцыйна гэтыя лічбы не называюцца, але некаторыя СМІ кажуць пра 200-300 кіламетраў».

На сувязі са Студыяй з Горадні Дзяніс Івашын, рэдактар беларускай службы «INFORMNAPALM»:

«Калі ўлічыць размяшчэнне, базаванне, улічыць знаходжанне ва Унечы вельмі добрай чыгуначнай развязкі, а таксама праходжанне побач з Унечай трасы рэгіянальнага значэння, гэта можа сведчыць пра тое, што гэта частка будзе выконваць функцыі аператыўнага забеспячэння ўсіх падраздзяленняў у гэтым рэгіёне і артылерыйскіх, і танкавых, і мотастралковых. Як прыклад можна прывесці словы, сказаныя Міхаілам Бабічам, амбасадарам РФ у Беларусі, пра тое што калі раптам будзе здзейснены які-кольвек напад на Беларусь у вайсковай сферы, гэта будзе азначаць напад на РФ…»

Працяг размовы – у сюжэце.

А як гомельцы ставяцца да расейскіх планаў размясціць вайсковую частку ва Унечы, недалёка ад нашай краіны?