Эксперт: І без АЭС у нас столькі генератараў, што мы траціну іх ніколі не выкарыстоўвалі


Улада шукае выйсцяў у сітуацыі пабудовы АЭС. Гаворка ідзе пра тое, каб усё перавесці на электрычнасць, бо электраэнергію трэба кудысьці падзець. Пытанне – куды? Арцём Быстрык, адмысловец у галіне энергаэфектыўнасці з намі на сувязі:

«Давайце пару лічбаў. Беларусь спажывае каля 37 млрд кілават-гадзінаў у год электрычнасці. А АЭС будзе выпрацоўваць каля 18 млрд кілават-гадзінаў. Пытанне куды мы іх дзенем – гэта не пытанне таго, што мы запусцім вельмі шмат электрычнага транспарту ці пераабсталюем газавыя пліты на электрычныя, таму што гэта агромныя грошы, а сама АЭС каштуе нямала. Для мяне гэта загадка, навошта яна нам. Напэўна меркавалася, што мы электраэнергію будзем экспартаваць, таму што, паўтаруся, сваёй энергіі нам дастаткова абсалютна. У нас прафіцыт каля 30 адсоткаў, усталявана столькі генератараў, што мы больш чым на дзве трэці іх ніколі не выкарыстоўвалі. […] Увогуле электрыфікацыя энергетыкі – гэта сусветны трэнд, гэта добра, гэта найбольш зручна, гэта найлепшыя тэхналогіі. Але як гэта будзе адбывацца ў Беларусі, за чые грошы, за які кошт – пытанне без адказу…»