Эксперт: Эўтаназія больш гуманная за беларускія пенсіі


Згодна са свежымі падлікамі Белстату, гарадская сям’я жыве ў сярэднім на 1300 рублёў. Гучыць няблага, пакуль не разбіць гэтую суму на тры-чатыры чалавекі. З дабрабытам пенсіянераў усё яшчэ горш. І лепш дакладна не стане.

Госць «Размовы Калінкінай», адмысловец у эканоміцы хатніх гаспадарак Уладзімір Бараніч дзеліцца шматгадовымі назіраннямі за дынамікаю беларускіх заробкаў і коштаў. Высновы не суцяшальныя – жыць усё цяжэй, розніцу паміж жаданнямі ды магчымасцямі кампенсуем крэдытамі. Пры гэтым значная частка грамадзянаў не можа адкласці на чорны дзень нават 100 рублёў.

«Што да пенсіянераў, то тут вельмі карціна сумная. Фактычна, дзяржава пачынае закручваць гайкі. Калі раней людзі майго ўзросту, майго пакалення маглі разлічваць на нармальную пенсію, то цяпер усё памянялася. У выніку я рэальна атрымаю ў 65 гадоў бомж-пакет, які складае палову ад сярэдняга пражытковага мінімуму. Пражытковы мінімум цяпер недзе 216 рублёў. То бок пенсія будзе складаць 108 рублёў. Як можна пражыць на 108 рублёў? У гэтым выпадку больш гуманна было б абвесціць праграму эўтаназіі, каб людзі не пакутавалі», – робіць жорсткую выснову госць праграмы.

Глядзіце цалкам «Размову Калінкінай» з адмыслоўцам у эканоміцы хатніх гаспадарак Уладзімірам Баранічам, каб дазнацца больш пра крэдытныя пасткі ды пенсійныя перспектывы (відэа вышэй).

Фота: Sergei Malgavko/TASS/Forum