Эксперт: Чым больш зарабляе муж – тым больш у сям'і дзяцей, чым больш зарабляе жонка – тым дзяцей менш


Якія захады робіць дзяржава, каб стымуляваць нараджальнасць? З наступнага месяца дапамога на дзяцей да трох гадоў павялічыцца амаль на 10 адсоткаў. У грашах гэта складае ад 33-ох да 43-ох рублёў у залежнасці ад віду дапамогі.

Гэтак, дапамога на першае дзіця складзе 362 з паловаю рублі, на другое і наступных – 414 рублёў. Дапамога на дзіця з інваліднасцю складзе 466 рублёў. Дапамога на дзяцей разлічваецца раз на паўгода ў тым выпадку, калі сярэдні заробак па краіне за папярэдні квартал вырас. Памер дапамогі налічваецца ў адсотках ад сярэдняга заробку. Мінулы раз дапамогу павялічвалі летась у жніўні.

З лютага мае змяніцца таксама аднаразовая выплата ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, але гэтай лічбы яшчэ не агучылі. Пра захады ўладаў у гэтым кірунку паразмаўляем са Львом Львоўскім, прадстаўніком Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру «BEROC»:

«Дапамогу сапраўды падвысілі, але ледзь-ледзь. Бо калі мы паглядзім на дэмаграфічную карціну, апошнія дзесяць гадоў дзяржава была дастаткова паспяховай у стымуляванні нараджальнасці, а ў 2018 годзе мы бачым рэзкае падзенне, якое практычна абнуліла ўсе поспехі дзяржавы ў стымуляванні нараджальнасці. Праграма стымулявання безумоўна працуе, але, як мы бачым, гэтага не выстарчае. У адносных значэннях людзі не паміраюць больш. Да небяспечнага ўзросту падыходзіць вялікае пасляваеннае пакаленне. Пры гэтым да дзетароднага ўзросту падыходзіць зусім нялічнае насельніцтва 90-х. Адна з галоўных прычын, чаму праграмы ўраду не працуюць так, як трэба, што ў Беларусі працуюць моцныя цэнтрабежныя сілы. Гэты праграмы лепш працуюць у рэгіёнах, дзе выплаты меншыя, менш магчымасцяў знайсці працу, і гэтыя грошы з’яўляюцца сурʼезнай дапамогай…»

Сярэдні заробак у Беларусі дасягнуў 512 долараў, у Менску – 735 долараў. Ці гэта дастатковыя грошы для годнага жыцця? Беларусы адказваюць.

belsat.eu