Эксклюзіўнае інтэрв'ю журналіста «Белсату» з маці палоннага ўкраінскага марака


Летась паблізу захопленай паўвыспы ў Керчанскай затоцы Крэмль узяў у палон украінскія вайсковыя караблі разам з іх экіпажамі. Маракі пакутуюць не толькі ад зняволення. Андрэй Арцеменка і Андрэй Эйдэр ужо трэці месяц цярпяць без аперацыяў, якія ім пільна патрэбныя і якія расейскі бок ім не робіць. Пра абыходжанне з палоннымі і тое, што насамрэч робіцца для іх вызвалення – наш калега Аляксандр Папко паразмаўляў з маці палоннага марака Людмілай Касцішынай.

– Спадарыня Людміла, скажыце, калі ласка, што вы ведаеце пра лёс вашага сына Уладзіслава?

– Мой сын знаходзіцца ў палоне. Ён з’яўляецца ваеннапалонным мараком. Цяпер ён знаходзіцца ў Лефортаўскім судзе Масквы.

– Ці самі маракі ведаюць пра тое, што пра іх пішуць, кажуць на тэлебачанні або яны ізаляваныя ад свету?

– На дадзены момант яны ўжо ведаюць, што свет пра іх не забыўся, што па тэлебачанні іх паказваюць, што ў газетах пішуць, што ўся міжнародная супольнасць апякуецца. Напачатку яны гэтага не ведалі. Яны былі ізаляваныя. Да іх прыходзілі і казалі, што яны нікому не патрэбныя, што пра іх усе забылі, каб яны далі такія паказанні, што зʼяўляюцца тэрарыстамі і захопнікамі, якія хацелі захапіць Керчынскі мост.

– Як да іх ставяцца расейскія службы правапарадку, тыя, хто іх утрымлівае?

– Наколькі мне вядома, фізічнага ціску на іх не аказваюць, а псіхалагічны – так. Яны не атрымліваюць лістоў з дому, і мы таксама не атрымліваем лістоў ад іх.

– Як часта наведвае маракоў консул, амбасадар? Ёсць нейкая магчымасць перадаць праз іх паведамленне?

– Консул па магчымасці да іх прыязджае раз на месяц, адвакат – адзін, два разы на месяц. З іх дапамогай мы можам кантактавацца. Я пытаюся ў консула і адваката, што і як там, і перадаю, якая інфармацыя ёсць у нас, што прадпрымаецца, куды мы ездзім, што робім і просім за іх, якія праводзяцца флэшмобы, выстаўкі. Усё з дапамогай адваката і консула, якія ім распавядаюць.

– А што ўкраінская дзяржава робіць, каб вызваліць маракоў, што знаходзяцца ў палоне?

– Яны нібыта штосьці робяць, але на дадзены момант маракі ў палоне ўжо 115 дзён. Каб нешта вырашальнае яны зрабілі – не. Але ёсць добрая навіна, што аднаму з ваеннапалонных маракоў – Васілю Сароку – зрабілі ўжо аперацыю. У яго была траўма рукі: прабітае плячо, парванае сухажылле. У яго была пагроза ампутацыі рукі, але яму зрабілі аперацыю.

– Ці ёсць нейкія тэрміны, калі маракі могуць быць вызваленыя? Калі наступны этап у іх лёсе?

– 15-16 студзеня былі суды, і ім працягнулі тэрмін перабывання да 4 красавіка. Што будзе далей, пакуль не ведаю. Вядома, што ім будуць праводзіць псіханеўралагічную экспертызу. Хаця ім не павінны гэтага рабіць, але экспертызу будуць праводзіць.

– Ці намякала расейскае кіраўніцтва або ўкраінская дзяржава на тое, ці магчымы абмен? Што нейкім чынам маракоў могуць вызваліць з-за кратаў?

– Пра абмен ішла гаворка, але расейскі ўрад паведаміў, што тых расейцаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ва Украіне і падавалі заяўку на абмен, проста не існуе. Цяпер гаворка ні пра які абмен не ідзе.

– Можа вы ведаеце, якія настроі вашых дзяцей там, у палоне, як яны сябе адчуваюць?

– Яны настроены вельмі пазітыўна. Пасля таго, як яны пабачылі нас у Маскве, калі маці і іх родныя прыехалі на суд, яны былі вельмі здзіўленыя, што пабачылі моцнае падтрыманне, падтрыманне маскоўскіх валанцёраў і таксама крымскіх татараў. Яны трымаюцца, яны сябе вызначаюць толькі вайсковапалоннымі, яны ніякіх сведчанняў не даюць на судах, і яны прытрымліваюцца Жэнеўскай канвенцыі.

– Што вы намераны рабіць далей, каб дамагчыся вызвалення вашых сыноў?

– Казаць, казаць, казаць. Я думаю, што на ўсё ёсць Божая воля, і хутка нашыя хлопцы будуць на волі.

belsat.eu