Экспертавае выданне ток-шоу «Кожны з нас» мы прысвяцілі пытанню, што турбуе мільёны беларусаў: калі ды як рэжым будзе прыціснуты да сценкі. «На новы 2021 год, пэўна, краіна атрымае два віншаванні: ад Ціханоўскай ды Лукашэнкі. А на наступны, 2022 год, дакладна будзе адно, і гэта будзе не Аляксандр Рыгоравіч», – мяркуе адзін з самых дасведчаных беларускіх дыпламатаў, экс-памочнік Лукашэнкі Ігар Ляшчэня.
Доктар юрыдычных навук, прафесар, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Уладзімір Шыянок спадзяваўся, што рэжым не выстаіць да Новага года. Прагноз не спраўдзіўся, але эксперт заклікае не паддавацца песімізму.
«Асноўная прычына нашых маральных пакутаў, што жадаеш так, а жыццё ідзе сваёй хадой. Але я кажу, што ўсё на 100 % ідзе так, як трэба. Таму што ўсё мае свой лёс. Людзі змянілі свой светапогляд. Усё будзе расстаўлена так, як трэба», – па-філасофску выказваецца Уладзімір Шыянок.
Сацыёлаг і каардынатарка «Лятучага ўніверсітэту» Тацяна Вадалажская пагаджаецца, што на эмацыйным узроўні нам усім падавалася: перамены вось-вось адбудуцца. Аднак, на думку эксперткі, пратэставых дзеянняў і ціску пакуль недастаткова. І галоўная задача – гэта зразумець, як націснуць на Лукашэнку, каб той пайшоў на перамовы.
«Гэта не спрынт, гэта марафон. Гэта доўгае змаганне і барацьба. Чатыры месяцы – гэта, магчыма, старт, магчыма, палова, але гэта не большая частка», – падсумоўвае журналіст і палітолаг Віталь Цыганкоў.
Эксперты выказваюцца датычна варыянтаў, як можна пераадолець палітычны крызіс у Беларусі. Чаму сілавікі на кожным кроку здзяйсняюць крымінальныя злачынствы і чаму лёс мноства людзей у пагонах перадвызначаны? Ці патрабуе Расея ад Лукашэнкі выпусціць Віктара Бабарыку? Чаму фактар Бабарыкі, з якога ў Беларусі пачалася рэвалюцыя, важкі і сёння? І чаму Расея на вачах страчвае Беларусь і робіць стратэгічныя памылкі?