Эканаміст Міхал Залескі: рэвалюцыі не будзе, бо беларусы бягуць за мяжу




Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі ў сваім унікальным стылі распавядае, навошта беларусы едуць працаваць за мяжу.

Бывае, што чалавек жыве побач з месцам дзе робіць, а бывае далёка выпраўляецца. Заўважана, што каб далёка паехаў, трэба добрым заробкам прывабіць. Вядомая і розніца ў заробках, што прымушае беларуса са старога месца зняцца: 40% звыш таго, што мае і болей.

Для пачатку высветлім простую рэч, ад якіх даброт адмаўляюцца тутэйшыя, каб шукаць лепшай долі за межамі нашай блаславёнай краіны. Зірнем на дынаміку заробкаў.

Пры нармальным размеркаванні палавіна работнікаў атрымлівае заробак менш за сярэдні. Але такое бывае толькі ў кніжках. Насамрэч незадаволеных узроўнем сваіх прыбыткаў значна болей за палавіну занятых. Але прапановы на мясцовым рынку яны атрымліваюць слабаватыя. Ды і канкурэнцыя за добрыя месцы далёка не сумленная.

Калі пры тым знешнія абставіны, сямейныя клопаты і здароўе моцна не стрымліваюць, то грамадзянін прапануе сваю працу на знешніх рынках. Высветліць колькасць такіх людзей дазваляе інфармацыя з двух дзяржаўных органаў: Дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС і Белстату.

Міліцыя ўлічыла, як бачым, тых, хто выехаў маючы ўжо дамову. А статыстыкі рабілі апытанне ў сем’ях і атрымалі лічбу ў 15 разоў большую.

Але мне маштаб здарэння падаецца яшчэ больш значным.Чаму? Мяне здзіўляе супастаўленне колькасці занятых з сумамі, каторыя беларускія грамадзяне пераводзяць у краіну з-за мяжы.

Выкарыстаем звесткі Нацбанку, мо рахункаводы лічаць лепш за астатніх. Бо ў іх – усё да цэнта палічана. Дык паводле МУС заробак някепскі – 14000 долараў на сямʼю адпадае за тры месяцы ад сярэдняга мігранта. А паводле Белстату – многім будзе незразумела, чаго бедакі пруцца за сем вёрст кісель сёрбаць.

Напэўна, акрамя пераводаў існуюць і іншыя каналы транспарціроўкі недзе заробленага да месцаў сталага пражывання. Паводле звестак Нацбанку нашыя грамадзяне ў 2017 годзе атрымалі з-за мяжы асабістыя пераводы на 1 мільярд 56 мільёнаў долараў.

Гэтая лічба, безумоўна, не настолькі надзейная як грашовыя пераводы, але дапамагае ацаніць сітуацыю больш рэалістычна. Пры намінальным заробку ў 930 рублёў ёсць рацыя ехаць за напалову, як мы казалі, ці ўдвая большым. Нешта пры тым самому спажыць, астатняе – сямʼі, ну і ашчаджаць.

Калі так разлічваць, то за межамі, пераважна ў Расеі, у другім квартале гэтага году рабіла 250-300 тысяч сярэднямесячных работнікаў. Праз тое і беспрацоўе ў нас малое і сацыяльная напружанасць стрымліваецца. Поспехаў усім у працы!

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Бізнесовец ратуе жыхароў закінутых вёсак
  • «Мяне праследуе школа!»: за што ў беларусаў могуць адабраць дзіця
  • Гумовыя боты замест фірмовых красовак, бутэлькі – замест адзення. Гісторыі беларусаў, якія замаўляюць рэчы ў інтэрнэце.

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».