Эканаміст: Нельга даваць ільготаў жаночаму бізнесу


Для росквіту прадпрымальніцтва ў Беларусі патрэбныя не толькі антыкарупцыйныя схемы і больш дасканалае падатковае заканадаўства. Новы віток развіцця не магчымы без новых дзіцячых садкоў, запэўніваюць эксперты.

Даследчыкі канстатуюць: жанчынам-прадпрымальніцам даводзіцца сутыкацца з падвоеным ціскам. Бізнес-лэдзі скардзяцца на падатковую сістэму, не любяць даваць хабараў і часта вымушаныя разрывацца паміж сям’ёю і працай. Гэта – не агульныя словы, а звесткі, якія ў выніку даследавання атрымала Марыя Акулава, спецыялістка Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC). У гасцях студыі «Размовы дня» эканамістка тлумачыць вядоўцу Усеваладу Сцебураку, чаму мы не можам дакладна даведацца, колькі жанчын рэальна кіруюць сваёй справай, і чаму нельга даваць прэферэнцыяў жаночаму бізнесу.

«Калі мы пачнем даваць ільготы жаночаму бізнесу, то гэта будзе шлях у тупік. Як толькі мы гэта зробім, увесь бізнес зробіцца «жаночым» – перапішацца на маму, жонку ці бабулю. Проста трэба ствараць умовы, падставіць гэтае плячо жанчыне, каб яна ведала, што зможа дасягнуць поспеху», – тлумачыць Марыя Акулава.

Госця студыі зазначае, што жаночы бізнес у Беларусі мае вялікі патэнцыял. Але каб ён быў рэалізаваны, грамадства мае змяніць стаўленне да прадпрымальніц, а ўлады мусяць стварыць належную інфраструктуру. Дзіцячыя садкі – у першую чаргу.