Размова дня Эканаміст: На турмы Беларусь траціць больш, чым можа сабе дазволіць


Штогод Беларусь траціць на ўтрыманне вязняў да 50 мільёнаў долараў. Кіраўнік Цэнтру сацыяльных і эканамічных даследаванняў CASE Belarus Серж Наўродскі падчас гутаркі з вядоўцам праграмы «Размова дня» Уладзімірам Мацкевічам распавёў, чаму вязні могуць стаць для эканомікі краіны невыносным цяжарам і ці можна з гэтым нешта зрабіць.

Беларусі тэрмінова трэба мяняць стаўленне да сістэмы пакаранняў і рэабілітацыі былых зняволеных, упэўнены эканаміст Серж Наўродскі. Размова не толькі аб этычных момантах, калі турэмнае зняволенне накладае адбітак на ўсё жыццё чалавека, робіцца стыгмай. Краіна проста не спраўляецца з выдаткамі на ўтрыманне вязняў.

«Па-першае, у нас вельмі доўгі сярэдні тэрмін утрымання. Па маіх асабістых лічбах, гэта больш за шэсць гадоў – сярэдні тэрмін утрымання за кратамі. Па-другое, насамрэч, як вы сказалі, Беларусь з’яўляецца адной з самых населеных людзьмі ў турмах краінай. Па маіх падліках, дзяржаве ўтрыманне ўсіх зняволеных у год абыходзіцца ад 40 да 50 мільёнаў долараў. То бок прыблізна ад 80 до 100 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэта не мала. І калі пераводзіць, напрыклад, гэта ў сярэдні тэрмін зняволення шэсць гадоў (калі чалавек трапіў за краты і ўявіць, што ён будзе сядзець шэсць гадоў), то на яго дзяржава затраціць ад сямі да дзесяці тысяч долараў вось за гэты час, пакуль ён будзе там сядзець», – лічыць Серж Наўродскі.

На жаль, беларуская пенітэнцыярная сістэма не дапамагае «выправіць» тых, хто патрапляе ў турмы і калоніі. Без інтэграцыі ў грамадства большасць былых вязняў у лепшым выпадку вернецца за краты. У горшым – апусціцца на самае дно і згіне.

Падрабязней аб эканамічнай вартасці рэабілітацыі былых вязняў глядзіце ў праграме «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам і эканамістам Сержам Наўродскім.

Глядзі таксама
Каментары