Эканаміст Іосуб: Сам па сабе афшорны бізнес не крымінал, але ёсць нюансы


Журналісты правялі маштабнае расследаванне датычна грошай у афшорах.

Каралева Вялікай Брытаніі, прэзідэнт Пятро Парашэнка, спявачка Мадонна – што аб’ядноўвае ўсіх гэтых людзей? Сыход ад падаткаў і грошы на афшорных рахунках. Назбіралася не шмат і не мала, ажно 10 трыльёнаў долараў. Каб лічба была больш ясная – гэта разам узяты валавы ўнутраны прадукт Вялікай Брытаніі, Францыі ды Японіі. Краінаў, мякка кажучы, не найбяднейшых. Іншыя за афшорныя грошы маглі б жыць гадамі.

Падатковыя таямніцы сталіся яўнымі пасля адкрыцця 13,5 млн дакументаў. Маштабнае расследаванне правялі чатырыста журналістаў з 67 краінаў і апублікавалі адначасова па ўсім свеце. Яно атрымала назву «Файлы з райскіх астравоў». Ёсць у спісе і імёны з атачэння Уладзіміра Пуціна ды Доналда Трампа. Усяго згадваецца 120 палітыкаў з 50 краінаў. А таксама прадпрыемствы, спартоўцы, бізнесоўцы, высокапастаўленыя асобы. Там, дзе вялікія грошы, няма гаворкі пра сумленне.

У «Гарачым каментары» – старэйшы фінансавы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Вось што распавёў госць «Белсату»:

«Сам па сабе афшорны бізнес не нясе нічога крымінальнага. Гэта законная форма вядзення бізнесу, часцей за ўсё яе выкарыстоўваюць для так званай аптымізацыі падаткаабкладання. Гэта не заўсёды сінонім «сыходу ад падатку». Сама па сабе наяўнасць афшорнага бізнесу, наяўнасць фірмы, зарэгістраванай у афшорнай зоне гэта абсалютна не крымінал. А вось далей могуць быць нюансы. Адкрыць фірму ў афшоры можа асоба, заканадаўства краіны якой не забараняе гэтага рабіць. Другая гісторыя, калі такую фірму адкрыла асоба з краіны, заканадаўства якой забараняе гэта рабіць. Трэцяя гісторыя, калі асоба, якая адкрыла фірму ў афшоры, відавочна занізіла альбо схавала падаткі ў сваёй краіне. Чацвёртая гісторыя, калі фірму адрыў чыноўнік і праз рахунак праходзяць грошы, якія ён бы не зарабіў за ўсё сваё жыццё – то бок гаворка ідзе пра відавочную карупцыю і «адмыванне».

Фотаздымак на застаўцы да відэа offshorewealth.info