Студыя «Белсат» Эфектная перамога «Шахцёра» у Лізе Еўропы


Кажуць, што ў Салігорску людзі зарабляюць шмат, а вось выдаткоўваць грошы няма куды – забаваў тут вобмаль. Для тых жыхароў гораду, якія цікавяцца футболам, такая праблема не стаіць – мясцовы клуб «Шахцёр» рэгулярна радуе добраю гульнёй і заахвочвае прыходзіць на стадыён. Асабліва цяпер, калі ўдзельнічае ў еўракубках, і ў Салігорск прыязджаюць замежныя каманды.

Пасля таго, як у першым кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы «гарнякі» выбілі «Гіберніянс» з Мальты, ім давялося прымаць выклік ад дацкага «Эсб’ергу» у другім коле. Тут ужо шмат хто прадказваў салігорцам няўдачу, бо чэмпіянат Даніі – гэта вам не Мальта. Аднак першая гульня ў Салігорску пакінула выключна пазітыўныя ўражанні. Дэбютны гол, як і днём раней у Барысаве, здарыўся на 5-й хвіліне. Эліс Бакай трапна стрэліў са штрафнога, элегантна прабіўшы пад «сценкаю».

«Добра, што Бакай так крута ўсё выканаў, прабіў нізам… Пры мне каманда такіх штрафных яшчэ не забівала», – каментуе Сяргей Балановіч, паўабаронца ФК «Шахцёр» (Салігорск).

«Эсб’ерг» кінуўся наперад і стварыў некалькі класных момантаў. Найбольш небяспечным варта вызнаць эпізод з удзелам фінскага гульца Піры Сойры, які, што цікава, у 2017–2018 гадах абараняў колеры салігорцаў. Аднак ці то нага не ўзнялася забіць былому клубу, ці то проста не пашанцавала – мяч у браму «Шахцёра» так і не трапіў. Другі тайм «Шахцёр» пачаў актыўна і неўзабаве быў за гэта ўзнагароджаны. Павел Рыбак, абаронца, адзначыўся пасля падачы Эліса Бакая з кутняга:

«Звычайны гол са стандарту, падача ў тую зону, дзе я і павінен быў быць. Падставіў галаву. Усё».

Апошнія паўгадзіны матчу прайшлі пад дыктоўку гасцей, аднак той факт, што яны больш валодалі мячом ды ініцыятываю, нічога ім не даваў. Абарона «гарнякоў» дзеяла амаль бездакорна, а там, дзе яна не спраўлялася, – на дапамогу прыходзіў брамнік Андрэй Клімовіч.

«Мы ў прынцыпе разбіралі каманду, ведалі, што яна няблага камбінуе. Але ў сярэдзіне поля. Не сказаць, што яна стварае шмат момантаў, неяк востра гуляе… Такога ў іх няма. Таму мы гулялі па ліку, спакойна перастройваліся і разлічвалі на контратакі», – тлумачыць абаронца ФК «Шахцёр» Павел Рыбак.

Джон Ламэрс, галоўны трэнер ФК «Эсб’ерг», адзначыў:

«Другі тайм у нашым выкананні быў трохі лепш, чым першы. У нас былі шанцы забіць пасля «стандартаў», аднак мы імі не скарысталіся. Нашыя гульцы шукалі магчымасці для голу, але так і не знайшлі. Мы расчараваныя».

«Шахцёр» святкаваў упэўненую перамогу 2:0 і падарыў сваім заўзятарам безліч пазітыўных эмоцыяў. Сяргей Балановіч, паўабаронца ФК «Шахцёр»:

«Шчыра кажучы, я ўражаны, асабліва гэтыя зарады з фанатамі напрыканцы… Для Салігорску гэта вялікі плюс. Вялікі дзякуй за падтрымку!»

Наперадзе яшчэ матч у адказ у Даніі, але калі салігорцы пакажуць там такую ж гульню, як на роднай зямлі, праблемаў з выхадам у наступны раўнд кваліфікацыі ўзнікнуць не павінна. Сяргей Балановіч:

«У іх маладыя футбалісты, толькі два нарадзіліся ў 1980-я гады, а ўсе астатнія ўжо пасля 1990-га. Таму каманда, я так разумею, на перспектыву. Але мы перамаглі. Усіх з перамогаю! «Шахцёр», малойцы!»

Застаецца дадаць, што калі праз тыдзень у Даніі ўсё пойдзе паводле сцэнару «Шахцёра», то ў трэцім коле кваліфікацыі Лігі Еўропы клуб згуляе з пераможцам пары «Тарына» (Італія) – «Дэбрэцэн» (Вугоршчына). Першы матч гэтых супернікаў скончыўся разгромнаю перамогай тарынцаў 3:0.

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары