Дзяржаўныя нормы: 10 г смятаны на дзень


Кожныя чатыры месяцы дзяржава падлічвае кошт спажывецкага кошыка і паводле яго прымае мінімальны спажывецкі бюджэт. Цяпер для пенсіянера такі бюджэт – Br 364,27. Лічыцца, што на іх можна жыць. У спадарыні Таццяны пенсія Br 325. Пасля аплаты ўсіх абавязковых плацяжоў застаецца ўжо Br 180. Калі выкінуць яшчэ Br 50 на лекі, то застанецца 3-4 рублі на дзень на харчаванне.

Калі б ні дзеці, дык не ведае, як жыла б. Бо паводле таго афіцыйнага кошыка ёй мае хапаць 1,5 кг аўсянкі ці каля 6 кг мукі на год. На месяц гэта 125 і 480 г, адпаведна. Мала. Бо блінчыкі, пірагі – гэта тое, што дазваляе жанчыне эканоміць.

Моркву Таццяна нарыхтавала загадзя. Афіцыйная норма для пенсіянераў – крыху больш за 1 кг на месяц. Бульбы 1,7 кг на тыдзень.

Лічыцца, што на дзень пенсіянеру дастаткова чайнай лыжкі смятаны, шклянкі малака, каўбаснага кавалачка вагою 20 г, 20 г кандытарскіх вырабаў – гэта малая шакаладка «Алёнка». Мукі хопіць і 110 г на тыдзень, аўсянкі– 28 г, гэта 2 сталовыя лыжкі.

Акрамя таго спажывецкі кошык улічвае патрэбы ў адзенні, гаспадарчых таварах, у тэхніцы, мэблі.

Напрыклад, адзін халат – на чатыры гады, дзве пары туфляў, дзве спадніцы і блузкі на пяць гадоў.

Спажывецкі кошык разлічваецца так: адмыслоўцы аналізуюць, што рэальна набываюць беларусы розных сацыяльных статусаў. Потым падлічваюць склад кошыка, а пазней адсочваюць кошты на яго. Змяненне коштаў – паказнік інфляцыі. І ад гэтага змянення залежыць, ці будуць расці сацыяльныя выплаты.

Паколькі ад спажывецкага кошыка залежыць павышэнне розных дапамог і пенсіяў, то наіўна чакаць, што ён будзе адлюстроўваць рэальныя патрэбы чалавека. Нават беларускія эксперты ў пытаннях харчавання раяць пенсіянерам з’ядаць за год 58 кг мяса і мясапрадуктаў, а не 43 кг, як разлічана ў кошыку. Ці рыбы – 21 кг, а не 9,5 кг.

«Калі мы возьмем гэты пералік харчоў і дамо канкрэтнаму чалавеку і не дамо яму доступу да іншых крыніцаў, то ён застанецца галодным», – упэўненая дыетолаг, тэхнолаг харчавання Марына Бандаровіч.

Пералік абсалютна не збалансаваны. Уразіла, што пенсіянерам прапаноўваюць усяго 2,4 кг садавіны штомесяц. Норма большасці крупаў усяго толькі 1–1,5 кг на год. А 150-грамовы кавалачак сыру на месяц увогуле выглядае як здзек.

Сцвярджаецца, што спажывецкі кошык забяспечвае 2140 калорыяў для пенсіянера, а для працаздольных мужчынаў – 3000. Апошні раз кошык пераглядаўся ў 2015 годзе. І ёсць спадзеў, што ў наступным годзе яго перагледзяць зноў.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Агітуюць за беларускі рубель – а грошы ўкладваюць у амерыканскі долар
  • Два штрафы за адно ДТЗ і заблакаваныя ў аўта рэчы:
    сюрпрызы каршэрынгу
  • Ці варта пераязжаць у гарады-спадарожнікі?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».