Дзіцячаму доктару закідаюць правапарушэнне, якога той не рабіў. Невінаватасць пацвярджаюць камеры відэаназірання

Дзіцячы траўматолаг шостага менскага шпіталю Дзмітрый Іваноў атрымаў праз пошту пратакол ДАІ. У ім было напісана, што 11 жніўня 2020 года ў сваім аўтамабілі ён падаваў гукавыя сігналы на скрыжаванні, чым выклікаў аварыйную сітуацыю. Але самае цікавае: у пазначаны час Дзмітрый быў за 400 м ад скрыжавання – на сваім працоўным месцы ў больніцы.

«Зазвычай я не сяджу на адным месцы: гэта аперацыі, перавязкі, абыход, праца ў розных карпусах. Але менавіта ў той дзень мне пашчасціла: я вёў кансультацыйны прыём і большасць часу заставаўся ў адным кабінеце», – кажа лекар.

На ўсёй тэрыторыі шпіталю і ў большасці памяшканняў усталяваныя камеры відэаназірання. Дзмітрый Іваноў запрасіў відэа з ягонага кабінету, на якім выразна бачна, у які час ён там быў.

«А 12:24, улічваючы, што больш пацыентаў на прыём не прыйшло, я пакінуў кабінет і пайшоў па сваіх працоўных момантах. А 12:43 я вярнуўся ў кабінет, які не пакідаў да пачатку 14-й гадзіны», – распавядае Дзмітрый.

Гэтыя 18-19 хвілінаў, якія доктар адсутнічаў у кабінеце, вельмі зацікавілі прадстаўнікоў аўтаінспекцыі. Таму Дзмітрыю давялося запрасіць яшчэ і відэа з КПП шпіталю. У пазначаны інтэрвал часу ягоны аўтамабіль не заязджаў на тэрыторыю больніцы і не выязджаў з яе.

Колькі плацяць беларусы за міліцэйскі гвалт?


Карэспандэнты «Маю права» спрабавалі даведацца ў ДАІ Фрунзенскага раёну Менску, на падставе чаго на Дзмітрыя склалі пратакол, але безвынікова. З тым жа самым пытаннем спадар Іваноў звярнуўся да інспектара ДАІ, які склаў на яго пратакол.

«Папрасіў, каб мне паказалі відэа або нешта, што даказвае маю віну. На што мне адказалі, што на дадзены момант яго няма», – кажа Дзмітрый.

Артыкул, які інкрымінуюць Дзмітрыю Іванову, прадугледжвае вялізны штраф і нават пазбаўленне пасведчання кіроўцы на два гады.

Мы пацікавіліся ў юрыста парталу «Автобизнес» Яўгена Грачова: ці могуць пакараць кіроўцу, не зважаючы на доказы, што ён быў у іншым месцы?

«Адміністратыўнае заканадаўства прадугледжвае толькі адзін выпадак, калі ўласнік транспартавага сродку нясе адказнасць. Гэта фіксацыя хуткаснага рэжыму і правілаў паркоўкі, якія зафіксаваныя ў аўтаматычным рэжыме – то бок адмысловымі камерамі. Іншай адказнасці ўладальніку аўта, скажам так, аддаленай адказнасці, законам не прадугледжана», – падкрэслівае юрыст.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Аўтамабілістаў караюць за грамадзянскую пазіцыю
  • Гісторыя пра тое, што б’юць не толькі па жалезе
  • Як абараніць сябе і свой аўтамабіль – у рубрыцы «Ведай свае правы!»

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Былога міліцыянта забралі на Акрэсціна

Мужчына пайшоў у краму – яго ледзь не застрэлілі

Мужчына праз невыносны боль ходзіць на працу, бо не можа атрымаць інваліднасці

На заводзе пад Петрыкавам людзі паўгода чакаюць заробак

Мужчына дапамог ДАІ злавіць парушальнікаў і сам атрымаў штраф

Кіроўцы Менсктрансу скардзяцца на ўмовы працы, штрафы і ціск кіраўніцтва

Валанцёрка – уладам: «Разбярыце адну рэзідэнцыю, здайце на металалом! Ды зрабіце хоць нешта!»

Маёмасць знеслі, гаспадароў затрымалі. Юрысты мяркуюць, што гэтак чыноўнікі замятаюць сляды