Джамала: «Такая песня – адна»


Мірскі замак – ізноў у абдымках музыкі! Фестываль «Mirum» сёлета доўжыўся адзін дзень, але атрымаўся надзвычай насычаны. Упершыню ў Беларусі выступіла ўкраінская спявачка Джамала. Нашай публіцы яна вядомая пасля перамогі на «Еўрабачанні» з песняю «1944» – драматычнаю кампазіцыяй пра высылку крымскіх татараў. Асноўны ж рэпертуар спявачкі зусім іншы: эмацыйныя песні, якія яна піша самая, у стылі джаз, фанк і соўл – пра каханне, надзею, здзяйсненне мараў, кажа сама Джамала:

«Ведаеце, мне здаецца, такая песня, як «1944» – чаму людзі, еўрапейцы, яе адчулі? Бо яна была шчыраю. І, магчыма, яна будзе толькі адна. Калі пісаць такія песні адмыслова, гэта ўжо будзе спекуляцыя».

Выступ Джамалы стаў ключавым момантам фестывалю, прызнае арганізатарка «Mirum» Вольга Смок:

«У Джамалы вельмі прыгожы голас, у яе вельмі класны калектыў – 10 чалавек на сцэне, гэта вельмі якасная музыка, тое, што сапраўды трэба пачуць».

Фестываль сабраў музыкаў з розных краінаў. Асабліва доўга не адпускалі маскоўскі калектыў «Палову аркестру», які сумяшчае духавую ды электронную музыку. Традыцыя фестывалю – запрашаць кагосьці з леташніх выступоўцаў, таму другі раз «Mirum» наведалі літоўцы «Beissoul & Einius» з касмічнымі танцамі. Рознастылёвы падбор музыкі арганізатары фэсту тлумачаць тым, што абіралі гурты, якія падабаюцца ім самым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вольскі ў Менску – з вялікім канцэртам

«Усё нясуць тыя коні» – на Століншчыне конны фэст

Клоўны і радасць у «SOS-дзіцячай вёсцы»

Слынная з часоў дынастыі Юань белая кітайская парцэляна як мастацтва

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык belsat.eu