Дзеці рок-зорак, якія спрабуюць перамагчы «імперыялістычны капіталізм»


Усе, хто цікавіцца сучаснай музычнай сцэнай, добра ведаюць гурт «Green day» ды іхнага лідара – Білі Джо Армстронга. Мала хто ведае, што ў гэтага музыканта ёсць сын Джоўі, які грае на бубнах у гурце з дзіўнаватай назвай «SWMRS».

Уявіце, бацька зарганізаваў панкаўскі гурт для свайго дзіцяці, калі яму было 10 гадоў. Але ж час бяжыць, дзеці растуць, а гурты пачынаюць запісваць дарослыя спевы.

Сваю назву хлопцы вымаўляюць проста – «Swimmers» – «плыўцы» ў перакладзе.

– З аднаго боку, мы малады гурт. З іншага – вельмі дасведчаны, бо граем з 10-гадовага ўзросту, – распавядаюць хлопцы са «SWMRS».

– Хто нам заўжды дапамагаў, дык гэта лідар гурта «Green day», бацька нашага бубнача Джoўі. Ён ніколі не казаў, што рабіць. Ён вучыў нас складаць вершы. Вучыў думаць. Нават, быць сабой.

– Найлепшыя песні складаеш не па замове. Працэс займае, літаральна, 20 хвілінаў, калі ўнутры зʼяўляецца гэткі «маленькі аўтар», які кажа: ты мусіш скласці гэта, выказацца. І ў той самы момант ты адчуваеш сваю з аднаго боку самастойнасць, незалежнасць. А з іншага адчуваеш сябе часткай гурта.

Хлопцаў, дарэчы, адрознівае моцная здольнасць уплываць на натоўпы аднагодкаў.

– Наш мэсідж – гэта змагацца за свае правы. Гэта мусяць рабіць дзяўчаты, хлопцы, трансы, чорныя, каляровыя, любыя. У нас пост фемінісцкія думкі пра пост палітычнае грамадства.

– Не, мы не цікавімся палітыкай, але заўжды звяртаем увагу і кажам, калі што здараецца дрэннае.

– Напрыклад, спрабуем перамагчы імперыялістычны капіталізм.

Сяргей Філімонаў