Дзесяць гераінь Агаты Крысці


Спектакль паводле п’есы брытанскай пісьменніцы «І нікога не стала» (напісанай, у сваю чаргу, на падставе «Дзесяці негрыцят») паставілі ў Горадні.

Гэты твор прадаўся колькасцю сто мільёнаў асобнікаў, а аўтарка лічыла яго сваёй найлепшай аповесцю. У 1943 годзе на просьбу лонданскага тэатру пісьменніца напісала паводле аповесці п’есу «І нікога не стала», якая дагэтуль з поспехам ставіцца ўва ўсім свеце. Але такой прэм’еры, як у Горадні, бадай яшчэ не было: у спектаклі тут задзейнічаныя адно жанчыны. Бо падрыхтавалі пастаноўку ўдзельнікі творчай студыі тэатральнага мастацтва Універсітэту залатога веку. А сталыя людзі, як кажа рэжысёр Васіль Калач – добрыя акторы, нават калі граюць па-аматарску:

«Гэтыя людзі маюць ужо жыццёвы досвед. Яны ўжо не спрабуюць выдумляць ровар, а звяртаюцца да свайго досведу, бяруць адтуль эмоцыі, пачуцці, нейкія жыццёвыя абароты – і рэалізуюць гэта на сцэне».

Васіль Калач амаль цалкам перапрацаваў сюжэт, каб адаптаваць яго пад аматарак акторскага майстэрства. Спектакль невыпадкова меў сваю прэм’еру ў красавіку, гэты месяц – апошні месяц навучальнага года ва Універсітэце залатога веку. Неўзабаве тут выпускны – 27 красавіка. Але спектакль будзе жыць далей – рэжысёр не выключае, што пастаноўку з 10 гарадзенскімі негрыцянкамі пакажуць на іншых гарадскіх пляцоўках.

Вольга Гардзейчык

Іншыя тэмы:

  • Шчасце ёсць! – цвердзіць суполка «Арцель»;
  • «Мода і аблокі» – альбом года гучыць у Менску;
  • Грэцыя працягвае Нямеччыне аліўкавую галінку міру – з тысячай алівак і ў раме.